Апытанне: Гродна вачыма берасцейцаў
На фота – вуліцы Савецкія ў Брэсце і Гродне | ||
Вось меркаванні некаторых жыхароў Брэста пра Гродна:
Аксана Бровач, 22 гады:
– Я Гродна вельмі люблю. Не магу гэты горад назваць самым прыгожым і самым любімым беларускім горадам толькі таму, што не магу замяніць свой родны Брэст на іншае месца жыхарства.
У Гродне ёсць гістарычны дух. Цікава знаходзіцца ў горадзе, пра які ў падручніках па гісторыі чытала больш, чым пра Брэст.
Мне балюча ў гэтым прызнавацца, але гарадзенская пешаходная вуліца Савецкая мне падабаецца больш, чым нашая пешаходная вуліца. У Брэсце на ёй панатыкалі ліхтароў, нібы на ўзлётна-пасадачнай паласе, і ад гэтага неяк няўтульна. Гарадзенская Савецкая, на мой погляд, больш нагадвае мілую еўрапейскую вулачку, на якой хочацца застацца.
Што мне катэгарычна не падабаецца ў Гродне – тое, што мікрараёны раскіданыя далёка вакол цэнтру. Брэст таксама не маленькі горад, але больш кампактны.
У Гродна прыемна прыяжджаць час ад часу як ва ўтульны, прыгожы, дагледжаны і душэўны горад. Адзінае, што нязручна, гэта транспартнае спалучэнне паміж Брэстам і Гродна. Калі ехаць на аўтобусе праз пушчу, то атрымліваецца ехаць хутчэй, але вельмі дорага. Што да цягніка, у ім – танней, але цягнік ідзе ажно 12 гадзін! Калі б не гэта, прыяжджала б у Гродна часцей.
align=”middle” alt=”Брест, ул Советская, брэст, вул. Савецкая” >
Арцём Кір’янаў, 23 гады:
– Гродна – вельмі еўрапейскі горад паводле свайго знешняга выгляду, але, мне здаецца, што ён павінен стацца больш еўрапейскім паводле ментальнасці. Спадчына выкарыстоўваецца не вельмі эфектыўна. Вельмі шкада, што амаль што не адчуваецца ў горадзе беларуская прысутнасць.
Гродна не хапае “двіжухі”, ягоныя жыхары, нібы ў жэле заўседы. Што асабліва балюча – цудоўнае гарадское наваколле, амаль ніяк не ўплывае на людзей, не выхоўвае іх…
Святлана Таболіч, 47 гадоў:
– Я люблю горад на беразе Нёмана, бо з ім у маім жыцці звязаныя такія прыемныя моманты!
Снежань 1979 года. Я, сямікласніца, еду ў рэспубліканскі піянерскі лагер “Зубраня”. На змену юных карэспандэнтаў і змену, на якую прыпадае сустрэча Новага года. Нас, прадстаўнікоў ад Гродзенскай вобласці, сабралі ў абкаме камсамола. Пасля ў нас была экскурсія па горадзе, сустрэча ў Доме піянераў. Мы так пасябравалі з некаторымі гарадзенцамі, што ў “Зубраняці” папрасіліся ў адзін атрад. Сябруем, дарэчы, дагэтуль. Так што Гродна, можна сказаць, падарыў мне сяброўства, якім я ганаруся і якому радуюся да гэтага часу.
У Гродне жыве шмат маіх сваякоў. Тут жыве лепшая школьная сяброўка, якая была сведкай на маім вяселлі. І іншыя аднакласніцы, сябры па перапісцы, былыя аднавяскоўцы (я родам са Свіслацкага раёна, в. Сакольнікі). У гэты горад я прыязджала і на вяселлі, і на хрэсьбіны. Адну сваю дачку-хрэсніцу я хрысціла ў Барыса-Глебскай царкве.
Музей гісторыі рэлігіі, Каложская царква, Фарны касцёл, тэатр… У горадзе шмат месцаў, дзе я была і дзе так хораша душы. Таму я ўспрымаю Гродна як культурны і нават элегантны горад.
А вы згодныя з меркаваннямі Святланы, Аксаны і Арцёма? Галасуйце ў апытанцы ніжэй і выказвайцеся ў каментарах! | ||
Здымкі Іны Севярын, Яна Лялевіча і brestblog.net