У “Крызе” прэзентавалі новы нумар “Гарадзенскага гадавіка”
Гэта ўжо другі выпуск “Гарадзенскага гадавіка” – навуковага гісторыка-культуралагічнага часопіса, цалкам прысвечанага гісторыі Гродна. Асноўны накірунак у выданні – гістарычная ўрбаністыка ды ўсё, што звязана з тэмай горада. Другі нумар канцэнтруецца на назвах гарадскіх аб’ектаў – аўтары паказваюць, як змяняліся назвы вуліц ды плошчаў у залежнасці ад палітычнай сітуацыі. Гісторыя гарадзенскіх вуліц адсочваецца аўтарамі ад XVI ст да найноўшых часоў.
Сярод аўтараў нумару гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы, як сталыя, гэтак і маладыя: Алесь Госцеў, Таццяна Маліноўская, Ганна Паўлоўская, Віктар Саяпін, Генадзь Семянчук, Мечыслаў Супрон, Ігар Трусаў, Вячаслаў Швед і іншыя.
Першы нумар гадавіка, прэзентаваны ў мінулым годзе, быў прысвечаны гісторыі даўняга гарадзенскага Рынку – сённяшняй плошчы Савецкай.