Як падрыхтавацца да сесіі: 10 спосабаў прыцягнуць халяву

Студэнты – народ вясёлы, смелы і без забабонаў. Яны не вераць у бабуліны прыкметы і ідуць па жыцці бадзёра і без аглядкі. Але два  разы на год усё змяняецца. Нават самы смелы і скептычны студэнт цэлымі суткамі паўтарае студэнцкую  малітву: “Барані мяне, Божа, ад дэкана рожы, ад іспыту блізкага, ад бала нізкага…”, тыднямі не мые галаву і робіць вельмі дзіўныя, на першы погляд, учынкі.

 

Некаторыя вераць, што ў дзень экзамена трэба ўсе крэслы ў пакоі, у якім вучыўся, перавярнуць, каб атрыманныя веды нікуды не збеглі, іншыя, рыхтуючыся да сесіі, пачынаюць есці адныя арэхі ды шакалад, тым самым павялічваючы мазгавую актыўнасць. А вось трэція разлічваюсь на цуд у выглядзе “халявы”.

 

Прапануем пазнаёміцца з дзесяццю найбольш распаўсюджанымі прыкметамі, пра якія нам расказалі самі студэнты:

 

1. “Халява, прыйдзі!”

Апоўначы студэнт павінен выглянуць у фортку і, махаючы адкрытай залікоўкай, гучна зваць халяву: “Халява, прыйдзі!”. Пасля гэтага залікоўку трэба закрыць і ні ў якім выпадку не адкрываць да самога іспыту. Шмат хто перевязвае яе яшчэ чырвонай ніткай, каб пабольшыць шанец на “халяву”, якая прынясе добрую адзнаку.

 

(Прыкмета “Халява, прыйдзі!” найбольш распаўсюджана сярод студэнтаў малодшых курсаў, якім хочацца ў поўнай меры дакрануцца да ўсіх студэнцкіх таінстваў)

 

2. “Не стрыгчыся, не галіцца”

Не стрыгчыся, не мыть галаву і не мыцца самому непасрэдна ў дзень перад іспытам. Таксама строга забараняецца галіцца.

 

(Здаецца, гэтую прыкмету прыдумалі студэнты, якія не вельмі клапоцяцца пра свой знешні выгляд, альбо тыя, у якіх няма гарачай вады, каб памыцца)

 

3. “Засунь канспект пад падушку

У ноч перад іспытам трэба пакласці пад падушку адчыненыя канспекты і падручнікі. Лічыцца, што веды ў час сну магічным чынам перацякаюць у галаву.

 

Існуе яшчэ адзін варыянт гэтай прыкметы. Акрамя канспектаў пад падушкай, у нагах павінна ляжаць шакаладка. Калі веды раптам захочуць збегчы з галавы, яны абавязкова збягуць у шакалад, які раніцай трэба будзе з’есці. Такім чынам у арганізм вернецца ўся неабходная інфармацыя.

 

4. “Хадзіць на іспыт у адным і тым жа адзенні

Каб з поспехам здаць іспыты, трэба проста хадзіць на кожны з іх у адным і тым жа адзенні. Лепш працуе тое адзенне, у якім была атрымана добрая адзнака. Пасля іспыту трэба павесіць “шчаслівае” адзенне ў шафу і не апранаць яго да наступнага іспыту.

 

(Гэтая  прыкмета лёгка тлумачыцца з псіхалагічнага пункту гледжання. Нашыя эмоцыі маюць уласцівасць “чапляцца” за нейкія рэчы. Таму “шчаслівае” адзенне будзе выклікаць правільныя эмоцыі і настройваць на пазітыўны лад, што немалаважна ў дзень экзамена. Па тым жа прынцыпе спрацоўваюць “шчаслівыя” асадкі і шматлікія талісманы)

 

5. “Засунуць пад пятку пяць капеек”

Перад тым, як адправіцца на экзамен, трэба пакласці ў абутак пад пятку пяць капеек. Лічыцца, что пятак гарантуе атрыманне выдатнага бала.

 

(Прыкмета цягнецца з савецкіх часоў, калі ў грашовым абароце яшчэ былі капейкі, да таго ж у выглядзе манет)

 

6. “Уставаць з левай нагі”

Уставаць у дзень іспыту і ўваходзіць у аудыторыю трэба абавязкова з левай нагі.

 

(Растлумачыць гэтую прыкмету цяжка. Хутчэй за ўсё, тут працуе прынцып “перавёртыша”. Паколькі экзамен – гэта незвычайны дзень, то і ўставаць трэба не з той нагі, як заўсёды)

 

7. “Вымаўляць чароўныя замовы”

Перад тым, як выцягнуць білет, трэба паўтараць пра сябе розныя чароўныя фразачкі: “Цягні рука, што ведае галава” і падобныя. Напэўна набор выказванняў у кожнага студэнта свой.

 

8. “Абмацюкай сябра свайго”

У час экзамена хтосьці з родных ці сяброў, а лепш адначасова, павінны бесперапынна лаяць студэнта. Чым горш ды выкрутасней лаянка, тым лепш для экзаменуемага. Тут выдатна падыходзіць так званы “сяміпавярховы мат”, якім часта лаюцца шаўцы ды сантэхнікі.

 

(Ці спрацоўве гэтая прыкмета, сказаць цяжка, але яна дастаўляе нямала пазітыўных эмоцый лаючаму боку)

 

9. “Паслаць усё да чорта”

Перад экзаменам неабходна жадаць адзін аднаму “Ні пуху, ні пяра!”, на што жадаючаму трэба адказаць “Да чорта!”

 

(Аб эфектыўнасці дадзенай прыкметы ўжо даўно ніхто не задумваецца. Гэта стала чымсьці накшталт прывітання ў дзень іспыту. У гэты дзень можна пасылаць да  чорта ўсіх, не хвалюючыся, што  хтосці пакрыўдзіцца)

 

10. “Лавіць халяву на кручок”

Адпраўляючыся на іспыт, да левага чаравіка трэба прычапіць кручок, каб на яго  злавіць “халяву”. У тэхнічным плане прыкмета даволі цяжкая ў рэалізацыі, бо магчыма і чаравікі сапсаваць, і самому параніцца.

 

(“Лоўля на кручок” – не вельмі распаўсюджана сярод студэнтаў і карыстаюцца ёю найбольш адчайныя)

 

 

Пра эфектыўнасць прыцягнення “халявы” мы запыталіся ў студэнтаў розных беларускіх ВНУ. Заўважым, што шмат хто, карыстаючыся спосабамі прыцягнення “халявы”, усё ж такі страхаваўся падрыхтоўкай шпаргалак да іспыту і “халява” дапамагала ў абароне перад іх выкрыццём.

 

Яўгенія, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Пушкіна:

 

Іспыт па філасофіі. Цягну білет і разумею, што выцягнула самае аб’ёмнае пытанне, якое не паўтарыла. Саджуся за стол і губляю ўсякую надзею. Пачынаю ўспамінаць, дзе знаходзіцца “шпора” па гэтым пытанні, адначасова другой рукой і вокам робячы выгляд, што шукаю нешта ў метадычцы. Тут выкладчыца ўстае і пытаецца, што я раблю. Я губляюся і з абсалютна шчырым выглядам кажу, што майго пытання ў метадычцы няма і можна я перацягну білет. Выкладчыца  ЗГАДЖАЕЦЦА.

 

Я хуценька хаваю шпаргалкі, падыходжу да стала і перацягваю білет, цяпер ужо трапляецца з добрым  пытаннем. Радасці маёй не было канца. Пішу гэтае пытанне за пяць хвілін, адказваю выдатна на яго і яшчэ на дадатковае пытанне за тое, што білет перецягвала і атрымліваю заветную 10. (смяецца)

 

Марыя, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту:

 

Летняя сесія. Ангельская мова. Шмат тэкстаў на пераклад з пытаннямі. Адказы на пытанні я падрыхтавала загадзя, схаваўшы іх у абутак (сесію сдавала ў балетках). Сяджу пішу. Велізарнае акно ў аўдыторыі адчыненае, вецярок гуляе. І тут выкладчык звяртаецца да мяне: “Марыя, калі ласка, зачыніце акно насупраць мяне”. А каб яго  зачыніць, трэба разуцца ды стаць на падваконне. Разумею, што не змагу, бо шпаргалкі  разляцяцца… Што рабіць? “Ведаеце, я маленькая вельмі, нават калі я  разуюся ды стану на падваконне,то я не дацягнуся да ручкі, каб зачыніць акно” – “Добра,сядайце тады”. Вось так мяне пранесла.

 

align=”left” alt=”Image 37995″ >Максім, БНТУ:

 

Першая сесія, экзамен па гісторыі Беларусі. Я нічога асабліва не вучыў, прыйшоў на экзамен, шчыра плануючы спісаць. Выкладчык садзіць мяне за першую парту перад сабой. Цягну білет: “Культура, архітэктура, літаратура і мастацтва XVII-XVIII стагоддзяў” – тое, чаго я ўвогуле не ведаў, а калі б і ведаў, то наўрадці змог бы дакладна і канкрэтна расказаць.

 

Тут выкладчык устае, каб прайсціся ды праверыць, у каго якія білеты. Я бачу, што астатнія білеты ляжаць перада мной, толькі руку працягні. Я хуценька мяняю свой білет на іншы і… “Пачатак Вялікай Айчынай вайны на Беларусі”! Майму шчасцю не было межаў! Я адказаў на пытанне выдатна без шпаргалкі і атрымаў 10!

 

Надзея, выпускніца ГрДМУ:

 

За гады студэнцкага жыцця, я зразумела, што “халявы” не бывае. Але, як і ўсе, я верыла ў яе на першых курсах. У нас былі свае рытуалы, фішкі і традыцыі. Усё пачыналася са стэрэатыпнага крычання ў вокны апоўначы “Халява, прыдзі!” з адкрытай залікоўкай. Смех быў у тым, што разам стаялі некалькі студэнцкіх інтэрнатаў з розных навучальных устаноў, таму крычалась весела і дружна. Пасля гэтага рытуалу трэба было зачыніць залікоўку, усе канспекты ды падручнікі і, увогуле, вочы і класціся спаць.

 

Яшчэ мы клалі падручнікі пад падушку (так званая пасіўная дыфузія ведаў). Ніхто не цураўся гэтага простага метада. Але “халявы” не бывае.

 

Здавалі мы неяк залік вельмі цяжкі. Спісаць – не было варыянтаў. Усе пра гэта ведалі і вучылі. А хто не вучыў – дык чытаў хаця б, ці пісаў “шпоры”, ці рыхтаваў “бомбы”. Я, паколькі не верыла, што магчыма будзе спісаць, не толькі шпор не пісала, нават падручнік з сабой не ўзяла. А падчас заліку выкладчык выйшаў з аўдыторыі, бо ў яго з’явілася нейкая важная справа. Усе пачалі спісваць, а я сяджу нават без падручніка. Вось так я ды яшчэ адна дзяўчынка не здалі з усёй плыні залік. Выснова: вучыце, насіце з сабой падручнікі, але і не забывайцеся рыхтаваць. Так, на ўсялякі выпадак.

 

 

Гісторыі ўсіх студэнцкіх сесійных традыцый сягаюць сваімі каранямі даўніх часоў і маюць розныя варыяцыі, але сэнс застаецца адным: звярнуцца да нейкіх звышнатуральных сіл па дапамогу. Канешне, не ўсе гэта робяць, не ўсе звяртаюцца да  малазразумелых рытуалаў. Ёсць і такія студэнты, якія просяць аб дапамозе Бога, наведваючы касцёл ці царкву.

 

“А сумленна вучыць не спрабавалі?” – спытаецца хтосьці. Канешне, самы надзейны і бяспечны варыянт сдачы іспытаў і залікаў – вучоба. Гэта дапамагае не толькі выдатна выглядаць у вачах людзей навокал, але і зберажэ нервовую сістэму, а таскама здаровы колер вушэй!

 

На фота – помнік халяве ва Ульянаўску, pogostim.com