Перад Новым годам на станцыях тэхагляду ўтварыліся чэргі
Як паведамляе “Радыё Гродна”, на некаторых станцыях, дзе праводзіцца тэхагляд аўтамабіляў, чэргі займаюць з 5-6 гадзін раніцы. У сувязі з гэтым у бліжэйшым часе гадзіны працы такіх станцый могуць быць павялічаныя.
Законапраект аб дзяржаўным падатку на аўтамабілі быў ухвалены Саветам Рэспублікі 20 снежня. Згодна з новым законам падатак будзе збірацца ў час праходжання тэхагляду і атрымання права на допуск транспарта да дарожнага руху.
За кошт новага падатку беларускія ўлады плануюць сабраць дадаткова ў бюджэт у 2014-м годзе 1,6 трыліёна рублёў.
Гарадзенскія аўтамабілісты імкнуцца прайсці тэхагляд менавіта зараз, каб заплаціць новы падатак не раней за канец 2014 г.
Фота S13.ru