Міністр замежных спраў Літвы: “Кошт візы надта вялікі, хаця мы не збіраемся на гэтым зарабляць”
Згодна з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, мы можам пакінуць любую краіну (у тым ліку і сваю), свабодна перасоўвацца і выбраць сабе месца жыхарства ў межах любой дзяржавы. Мы, беларусы, можам без візавых праблем паехаць у Расію, Украіну, Казахстан ці Кыргызстан, можам наведаць Манголію па запрашэнні, Кітай – у групавым туры.
Што да Еўропы – таксама можна. Толькі спачатку прыдзецца атрымаць візу, якая каштуе альбо 60 еўра і сапсаваных (на запаўненні анкет і выстойванні чэграў) нерваў альбо 200-300 еўра за тое, каб нервы сабе псаваў нехта іншы. Але нават гэта не прыпыняе беларусаў, і вось ужо які год мы – першыя ў свеце па колькасці выданых шэнгенскіх віз на колькасць насельніцтва.
Каб абмеркаваць розныя візавыя пытанні, беларускія журналісты ў рамках прэс-тура, арганізаванага кампаніяй “У Беларусь і Еўропу – без візы”, сустрэліся з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам.
Міністр паведаміў, што адна толькі Літва выдае больш за 1000 шэнгенскіх віз у дзень. За 11 месяцаў 2013 года было выдыдзена каля 180 тысяч віз, а гэта на 22% болей, чым у мінулым годзе.
“Палова гэтых віз – доўгатэрміновыя, 40% – бясплатныя. Мы не збіраемся на гэтым зарабляць, – адзначыў міністр. – На мой погляд, кошты на візы надта вялікія”.
Аднак на пытанне, чаму Літва не пераймае польскі прыклад і не ўводзіць візы “на закупы”, Лінас Лінкявічус адказаў, што польскія візы для шопінга фактычна не адпавядаюць шэнгенскай дамове. Пасля міністр узгадаў пра падатак, які абяцалі ўвесці для беларусаў, якія закупаюцца за мяжой, і пажартаваў: “Не патрэбны візы “за пакупкамі”, таму што, калі з’явяцца візы – з’явіцца і падатак”.
Таксама ў прэс-туры ўздымалася пытанне спрашчэння візавага рэжыму і рэадмісіі – этапы, якія ўжо прайшлі нашыя суседзі Украіна і Расія. Жыхары гэтых краін плацяць за шенгенскія візы 35 еўра, і на падрыхтоўку такіх віз сыходзіць каля пяці дзён.
Першы крок да спрашчэння візавага рэжыму – згода на пачатак перамоў з Еўрапейскай камісіяй аб заключэнні пагаднення – Беларусь ужо зрабіла. На пытанне, ці выканае Беларусь сваё абяцанне, Лінас Лінкявічус адказаў: “Міністр Макей сказаў, што Беларусь гатова да перамоваў і да дамовы аб рэадмісіі. Калі заява ёсць, то значыць будзе. Гэта зойме час. Але пакуль, акрамя заявы, няма нічога. Таму чакаем…”
Фота novisa.by, візавая мапа TUT.BY