Містар універсітэт Аляксандр Улейчык: “Калі прагучала маё імя – быў вельмі здзіўлены”

На сцэне змагаліся студэнты, якія дэманстравалі сваё абаянне, акцёрскае майстэрства, уменне цікава і выразна паказаць сябе, трымацца і рухацца на сцэне. Апошнюю здольнасць хлопцы дэманстравалі ў конкурсах: “візітоўка”, танцавальным, спартовым і творчым.

Гледачы шоў даведаліся пра захапленні канкурсантаў у спорце, музыцы, паэзіі і танцах. Таксама маладыя людзі распавядалі пра свае мары, кар’ерныя планы і пра жыццёвыя мэты.

Пераможцаў вылучалі ў чатырох намінацыях. У галоўнай з іх – “Містар універсітэт – 2013” – перамог студэнт трэцяга курсу факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Улейчык.

 

Сёлетні містар універсітэт згадзіўся адказаць на пытанні “Твайго стылю”.

 

Аляксандр, чаму ты вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе “Містар універсітэт”?

 

Гэта адбылося спантанна. Проста прыйшоў у цэнтр творчасці, і там мне сказалі, што хутка будзе праводзіцца такі конкурс. Я падумаў: чаму б не паўдзельнічаць? Тым больш, што з першага  курсу я  прымаю ўдзел ва ўсіх творчых мерапрыемствах універсітэта.

 

Ці раней  ты ўдзельнічаў у падобных конкурсах?

 

Не, ніколі. Я толькі выступаў калі трэба было дзесьці праспяваць, альбо нейкі нумар паказаць.

 

Ці спадабалася табе змагацца за тытул “Містар універсітэт”?

 

Вельмі спадабалася. Будзе пра што ўспомніць у жыцці. Вельмі цаню для сябе этап падрыхтоўкі да конкурсу: мноства рэпетыцый, з крыкамі і без крыкаў і, як вынік, шмат новых знаёмых, якія, дарэчы, моцна мяне падтрымлівалі, калі ўжо трэба было паказаць здольнасці на сцэне.

 

Як рыхтаваўся да конкурсу?

 

Рыхтаваліся за месяц. Думалі пра творчыя нумары: хто кім будзе, у якіх касцюмах. Касцюмы і нумары прыдумалі напрацягу тыдня. Потым нам сказалі, што будзе яшчэ і абарона касцюмаў. Не схаваю – падрыхтоўка была напружанай, але ўсе ўдзельнікі рыхтаваліся вельмі сур’ёзна.

 

Ці ты чакаў, што пераможаш?

 

Калі стаяў на сцэне, то разлічваў толькі на намінацыю “Містар глядацкіх сімпатый”, бо ўсе мне казалі, што ў мяне найбольш яркі нумар. Думаў шчыра, што нічога не атрымаю. Таму, калі абвяшчалі пераможцу ў апошняй намінацыі “Містар універсітэт 2013” і прагучала маё імя, я быў вельмі здзіўлены.

 

Якія творчыя планы на будучыню?

 

У творчым плане я рэалізую сябе на 99,9 адсоткаў. Я ўдзельнічаю гарадзенскім тэлевізійным праекце “Ведай нашых”. У межах гэтага праекту мы ездзім з мерапрыемствамі, выступаем. Таму мажлівасць сябе паказаць у мяне ёсць, а што будзе далей? Пажывем – пабачым, як кажуць.