Гарадзенская мітап-лабараторыя: “У Мінску я атрымаў выспятку пад зад, якая пашырыла межы майго ўспрыняцця”

Хібнае адчуванне, што пра тваю двіжуху ўсе чулі


Мітап-лэбы – лабараторыі стасункаў людзей. Мітап-лэбы створаныя ў Гродне для таго, каб пазнаёміць і прывесці да супрацы розных людзей. Не вядома, што атрымаецца – рух існуе толькі з лета. Але ўжо зараз там сустракаюцца і праграмісты, і гісторыкі, і эколагі.

 

У Гродне ёсць вельмі шмат тых, хто робіць двіжуху, але яны закрытыя ў сабе – такое складаецца ўражанне ў Вячаслава, мадэратара мітапаў. У Гродне ёсць хібнае адчуванне, што слава цябе апераджае і ўсе, хто нешта ладзіць, ведаюць адно аднога ў твар. А насамрэч твая тусоўка – нават не 10% насельніцтва. Гарадзенцы проста не ведаюць, што адбываецца ў іх горадзе.


Сталічная выспятка для расшырэння свядомасці

 

Некаторыя людзі стамляюцца і з’язджаюць з горада. Стамляюцца самі цягнуць рух за адсутнасцю ў людзей самаарганізацыі. Вячаслаў:

 

“Ралевікі адсюль з’ехалі, арганізатары мітапаў у Мінску таксама з Гродна”.

 

Вячаслаў таксама пажыў у Мінску год. “Там я атрымаў, прасцей кажучы, выспятку пад зад, якая крыху пашырыла межы майго ўспрыняцця. Раней нават не думаў, што мітап-лэбы можна зрабіць у Гродне і некаму гэта трэба” – кажа ён. І стварыў сваю тусоўку.

 

“У Мінску проста больш людзей”

 

Тое ж, што ў сталіцы, можна рабіць і ў Гродне. Але самарэалізавацца прасцей усё ж у Мінску. Вячаслаў: “Не сказаў бы, што там больш магчымасцей. Але для такой жа рэчы ў Гродне спатрэбіцца іншы падыход.

 

У Мінску проста больш людзей. Тут 300 тысяч, там каля 1,8 мільёна. Калі тут падтрымае адзін чалавек, у Мінску іх будзе 10”.

 

Яшчэ Вячаслаў кажа пра тое, што як адрозніваецца памер гораду, так і патрэбы жыхароў. Тое, што пакоціць у сталіцы, можа апынуца непатрэбным у горадзе на 10 тысяч чалавек.


Як на мітапах збіраюць робатаў

 

Вячаслава на мітапах натхніла тое, што можна сустрэцца няхай і не са сваім аднадумцам, але апантаным чалавекам, і твае мары перастануць быць марамі. На адной з сустрэч у Гродне быў сабраны рукамі ўдзельнікаў сапраўдны робат.

На апошнюю сустрэчу прыйшоў гісторык. Яны ў сваёй арганізацыі рабілі з паперы мадэль фары Вітаўта.

 

А на адну з сустрэч у лістападзе прыйшлі гісторыкі з ідэяй папяровай разгорткі Фары Вітаўта. Вячаслаў: “Можна падключыць тых, хто валодае 3D-рэдактарамі і з дапамогай праграм зрабць 3D-разгортку, каб склейваць пасля з паперы. Яе ўжо магчыма паставіць на плынь”.


“Я гісторыяй не надта захапляюся, але пра гэта тут кажуць ўсе”

 

“Шмат хто тут павернуты на гісторыі – яна ў Гродне багатая. Горад шмат захоплівалі і перазахоплівалі, ён быў часткай Польшчы. Некаторыя будынкі былі разбураныя. Фара Вітаўта… Можа, чулі пра так будынак? Не? Я таксама гісторыяй не надта захапляюся, але пра гэтыя рэчы тут кажуць усе”, – дзівіцца Вячаслаў. – Яшчэ рок-музыкаў у нас шмат – не менш, чым у Мінску”.


Справа агуркоў і кінафільмаў

 

Апроч музыкі і гісторыі, гарадзенцы цікавяца і звычайнымі рэчамі. Напрыклад, ежай.

 

Набыць свежую гародніну ў Гродне можна не заўсёды, і ў пэўнай ступені гэта праблема. “У Мінску я ў любы час дня і ночы магу пайсці ў “Суседзі”. А ў Гродна ёсць дні, у якія агуркі з вагнём не адшукаеш па ўсім горадзе”, – знаёміць Вячаслаў з праблемай.

 

Аматарам кіно як у Гродне, так і ў шматлікіх меншых гарадах таксама ёсць на што тупаць нагамі: у кінатэатрах мала касавых фільмаў. Афіша Гродна і сталіцы адрозніваецца выяўна.

 

“І ты, як у дзяцінстве, ідзеш па бардзюрчыку…”

 

Вячаслаў выдаткаваў бы спонсарскія грошы, калі б іх з’явілася шмат, на разнастайванне сеткі пастаўнікоў прадуктаў, арганізацыю кінапраглядаў, а таксама на тое, каб з’явілася асобная паласа руху для грамадскага транспарту. Як, напрыклад, у Будапешце, дзе нават калі корак, аўтобусную паласу не займаюць…

 

… і на тратуарную плітку, якой няма на ўскрайках. Калі дождж, то з’яўляюцца “вялікія лужыны, бруд і трава збоку, і ты, як у дзяцінстве, ідзеш па бардзюрчыку”, – расказвае Вячаслаў пра свой двор.


Жыць па-гарадзенску

 

“У Гродне добра жывецца. І нават з тымі ж агуркамі… Проста па-іншаму: ты набываеш наперад. Горад прыгожы і чысты, прырода… Калі жыць па-гарадзенску, то ў Гродне жыць добра, але да гэтага трэба прызвычаіцца”.

 

З усімі яго закрытымі коламі людзей, малацікавымі кінатэатрамі, але пешаходнай Савецкай і чыстым паветрам.

 

****

 

Матэрыял падрыхтаваны ў межах рэдакцыйнага спецпраекту ampby.orgСталіца, пасунься!”.

Здымкі ampby.org і з архіву “Твайго стылю”


     
 

Іншыя матэрыялы спецпраекта

 

Стваральнікі першай беларускай “настолкі”: Гародня – лепшы горад у краіне!

Гарадзенскі “Варштат ідэй”: Магчымасцей больш у Менску – стэрэатып, які мы самі культывуем