Выстава да 25-годдзя выхаду савецкіх войскаў з Афганістана працуе ў Гродне
Аўтарам і ўладальнікам прадстаўденай на выставе калекцыі з’яўляецца Уладзімір Шокаў, ветэран Афганскай вайны, палкоўнік у адстаўцы, які ў цяперашні час узначальвае Мінскае аддзяленне Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць”.
Стары замак у Гродне невыпадкова стаўся месцам правядзення выставы, прысвечанай 25-годдзю завяршэння адной з найбольш трагічных вайсковых аперацый Савецкага Саюза.
“Справа ў тым, што ў нашым музеі яшчэ ў 2011 годзе была адчыненая зала, прысвечаная памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія паходзілі з Гарадзеншчыны”, – расказвае Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
На выставе, падрыхтаванай Уладзімірам Шокавым, прадстаўлены 200 узнагарод СССР, медалёў, памятных знакаў, звязаных з удзелам савецкіх салдат і ваенных спецыялістаў у розных ваенных канфліктах, якія адбываліся ў другой палове ХХ стагоддзя, між іншым: ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай зоркі, медаль “За адвагу”, медаль “За баявыя заслугі”, нагрудны знак воіна-інтэрнацыяналіста, узнагарода “За штурм палаца Аміна”. На выставе можна таксама ўбачыць ўзнагароды такіх краін як В’етнам, Куба, Егіпет, Ангола, Мазамбік, Паўночная Карэя, Украіна, Латвія і Афганістан.
Наведвальнікі выставы не могуць не заўважыць мемарыяльнай дошкі, на якой узгадваецца пра каля 600 гарадзенцаў, якія загінулі ў афганскай вайне.
Алеся Маліноўская