Чаму на Фару не вярнулі анёла?

Паводле кс. Яна, анёла знялі з-за аварыйнага стану. У касцёл патэлефанаваў парафіянін і паведаміў, што фігура ледзь трымаецца ўгары. Тады выклікалі супрацоўнікаў МНС і альпініста. Анёл выконваў ролю флюгера, і з-за кручэння мацаванне працерлася, а сам ён ледзь не сарваўся з даху. Фігуру адрэстаўравалі, цяпер яна адноўленая знаходзіцца ў майстэрні касцёла.

 

Кс. Ян патлумачыў, чаму выяву духа не спяшаюцца вяртаць на месца.

 

Па-першае, пара анёлаў не традыцыйная для Фары. Яна з’явілася на званіцы не так даўно – прыкладна ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. “Ніхто тады не задаўся пытаннем, а ці гэта згодна з канонамі – вешаць туды анёлаў. Дзе вы ў свеце бачылі базыліку з анёлкамі пад крыжамі?” – пытаецца святар. Кс. Ян не мяркуе неабходным і вартым вяртаць анёлка на званіцу. Ён прызнаецца, што хацеў зняць адразу і другога анёла, але ж той быў добра прымацаваны, таму яго пакінулі.

 

Па-другое, каб замацаваць анёла на званіцу, будзе патрэбна вялікая сума. Трэба выклікаць “вышку” МНС. Яе вышыня 54 метры, а званіцы дасягаюць 65 метраў. Адсюль вынікае, што ўгары трэба ставіць яшчэ лесвіцу, ды замаўляць паслугі альпініста. Замовіць толькі пад’ёмнік МНС сёлета каштуе каля 900 тысяч рублёў за гадзіну.

Дарэчы, фігуры анёлаў зробленыя са звычайнай бляхі. Іх вышыня каля 120 см. Пабачыць, як выглядаюць верхнія анёлы ў прыбліжэнні цяпер можна ля цэнтральнага ўваходу ў касцёл. Там замацаваныя сілуэты нябесных духаў, якія свецяцца ў вечаровы час. Яны амаль паўтараюць па форме і памеры флюгеры.

 

Крыніца: vgr.by

Здымкі аўтаркі і Віталя Дзярнейкі