Сцэнары развіцця беларускай эканомікі прадставілі ў Гродне

|

Удзел у прэзентацыі бралі прадстаўнікі гарадзенскіх уладаў, мясцовага бізнесу, выкладчыкі ВНУ, выпускнікі праграм ІПМ, які з’яўляецца адной з найлепшых ва Усходняй Еўропе бізнес-школаў і аўтарытэтным даследніцкім цэнтрам.

 

Пачуць у Гродне “у вольным доступе” такога высокага ўзроўню беларускіх экспертаў, якія апелююць вынікамі даследаванняў, а не ідэалагічнымі ўстаноўкамі – вялікая рэдкасць. 

 

Першым слова трымаў наш зямляк, гарадзенец Ігар Пеліпась, намеснік Генеральнага дырэктара ІПМ па даследаваннях (на здымку ніжэй).

 

Ён прэзентаваў прысутным вынікі даследавання канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў Беларусі. Даследаванне ладзілася па адаптаванай да беларускіх рэаліяў метадалогіі Сусветнага Эканамічнага Форуму і базавалася на апытанні бізнесоўцаў і аналізе статыстычных звестак.

 

На аснове сабраных дадзеных быў створаны Інтэгральны рэйтынг канкурэнтаздольнасці кожнага з беларускіх рэгіёнаў.

 

Гарадзеншчына па гэтым паказчыку апынулася ў сярэдзіне, саступіўшы не толькі Мінску і Мінскай вобласці, але і Гомельшчыне.

Пры гэтым па асобных паказчыках нашая вобласць апынулася ў лідэрах (1-е месца па бяспецы вядзення бізнесу і эфектыўнасці працы дзяржаўных органаў, 2-е па развітасці інфрастуктуры і выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій).

 

Што замінае беларускаму бізнесу?

 

Ігар Пеліпась агучыў пяць асноўных праблем для вядзення бізнесу ў Беларусі. Гэты рэйтынг выглядае наступным чынам:

 

  1. Інфляцыя і макраэканамічная нестабільнасць
  2. Нестабільнасць заканадаўства
  3. Высокія падаткі
  4. Доступ да фінансавання
  5. Складаная падатковая сістэма.

 

Спецыфікай рэгіёну, як вынікае з даследавання, з’яўляецца таксама недастаткова высокі ўзровень адукаванасці працоўнай сілы.

 

Яшчэ адна адметная для рэгіёна праблема была агучана з залы. Гэта адсутнасць у многіх бізнесоўцаў уласнай маёмасці. Многім уладальнікам бізнесу даводзіцца арэндаваць для вядзення сваёй справы памяшканні і несці на гэтым істотныя страты.

 

Падсумоўваючы сваю прэзентацыю, Ігар Пеліпась адзначыў, што ставіцца да рознага кшталту рэйтынгаў з вялікай доляй умоўнасці.

 

У прыватнасці, ён лічыць сумнеўным аднясенне Беларусі аўтарамі некаторых эканамічных рэйтынгаў да ліку краін з рэпрэсіўнай эканомікай (кшталту Узбекістана).

 

Разам з тым эксперт адзначыў, што аналіз такіх рэйтынгаў і індэксаў дазваляе зрабіць пэўныя высновы і выявіць тэндэнцыі.

 

У якасці прыкладу сп. Пеліпась назваў вельмі папулярны і аўтарытэтны Індэкс умоваў для вядзення бізнесу. Як адзначыў эксперт, ва ўсім свеце ўжо даўно заўважаная прамая залежнасць паміж месцам той альбо іншай краіны ў гэтым Індэксе і памерам прамых замежных інвестыцый, якія ўліваюцца ў гэтую краіну (чым вышэй месца – тым больш інвестыцый).

 

Аднак у дачыненні да Беларусі гэты лагічны ланцужок не працуе: пры досыць высокім, па словах эксперта, месцы ў гэтым рэйтынг (63-е са 189 краін, рэд.) нашая краіна павінна была б прыцягваць у 3-4 разы больш замежных інвестыцый. Але пакуль не атрымліваецца…

 

З аптымізмам пра песімістычнае

 

У сваіх гарадзенскіх каранях на пачатку прэзентацыі прызнаўся і наступны выступоўца – дырэктар Даследніцкага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык (нарадзіўся ў Наваградку).

 

Аляксандр Чубрык на працягу ўсёй сваёй прэзентацыі імкнуўся быць аптымістычным

 

На самым пачатку свайго выступу, прысвечанага магчымым сцэнарам развіцця беларускай эканомікі ў 2014-м годзе, эксперт паабяцаў, што будзе старацца пазбягаць празмернага песімізму. Але лічбы і факты, агучаныя ім, прымусілі прысутных сур’ёзна задумацца.

 

Прэзентацыя Аляксандра была пабудаваная на параўнанні сітуацыі ў крызісныя для беларускай эканомікі 2009 і 2011 гг. з цяперашняй сітуацыяй.

 

Як вынікае з прадстаўленай экспертам інфармацыі, стан беларускай эканомікі зараз па многіх пазіцыях нагадвае паказчыкі “крызісных” гадоў, а па некаторых момантах сітуацыя нават горшая.

 

Вось толькі некалькі трывожных сімптомаў, акрэсленых выступоўцам:

 

1. Унутраны попыт хутка расце (людзі больш выдаткоўваюць сродкаў на свае патрэбы і пры гэтым усё больш за кошт імпартных тавараў), а знешні попыт на беларускую прадукцыю падае (экспарт беларускіх тавараў змяншаецца). Разрыў паміж гэтымі важнымі для эканомікі паказчыкамі зараз яшчэ больш глыбокі, чым быў у 2009-м і 2011-м гг.

 

2. Вырас адток сродкаў на пагашэнне знешніх і ўнутраных пазыкаў дзяржавы. Толькі знешняя пазыка краіны складе зараз каля 37 міліярдаў даляраў!

 

3. Валютныя рэзервы краіны забяспечваюцца за кошт знешніх пазыкаў (іншымі словамі, “золата” у скарбонцы дзяржавы не заробленае, а пазычанае). Зараз Беларусь мае каля 7 міліярдаў золатавалютных рэзерваў. У кароткатэрміновай перспектыве гэтага хопіць, каб ліквідоўваць спарадычныя “шокі”, якія ўзнікаюць у эканоміцы. Але ў доўгатэрміновай перспектыве такая практыка папаўнення рэзерваў за кошт пазыкаў выглядае небяспечнай.

 

4. Давер да беларускага рубля яшчэ меншы, чым у крызісныя 2009 і 2011 гг. Людзі зноў масава імкнуцца перавесці свае зберажэнні ў валюту. Пры гэтым курс беларускага рубля, на думку эксперта, пераацэнены. Рэальная карэкцыя курса беларускай валюты магла б скласці каля 30%.

 

Пра заробкі і прэзідэнцкія выбары

 

Па словах эксперта, у Беларусі ўжо відавочная сувязь паміж ключавымі электаральнымі падзеямі (прэзідэнцкімі выбарамі) і ваганнямі ўзроўню заробкаў насельніцтва.

 

Выступоўца прадэманстраваў аўдыторыі графік, на якім было бачна, як імкліва раслі заробкі ў краіне ў гады прэзідэнцкіх выбараў і што адбывалася з імі, калі выбары сканчаліся.

 

Зараз узровень заробкаў у краіне вышэй, чым у 2009 і 2011 гг., але падставаў спадзявацца на тое, што і зараз уладам удасца без моцных стратаў для эканомікі ўзняць заробкі напярэдадні выбараў, вельмі мала.

 

Вось ужо 38 месяцаў, адзначыў эксперт, усе спробы ўладаў стымуляваць рост эканомікі не даюць эфекту. У такой сітуацыі падвышэнне заробкаў перад выбарамі 2015 г. можа мець вельмі кепскія наступствы.

 

У прыватнасці, курс даляра ўжо ў канцы 2016 г. пры розных сцэнарах развіцця эканамічнай палітыкі ў Беларусі можа сягнуць вышэй за 20 тыс. рублёў.

 

На што спадзявацца?

 

Палепшыць сітуацыю, на думку эксперта, маглі б шокавая дэвальвацыя, якая б дазволіла б перапыніць падзенне эканомікі і закласці ўмовы для яе росту.

 

На думку Аляксандра Чубрыка, перажыць 2014-ты і асабліва 2015 г. без патрасенняў беларускай эканоміцы будзе вельмі цяжка.

 

Каб пазбегнуць нарвовага пачатку 2016 г., краіне трэба ісці на перамовы з Міжнародным валютным фондам, а таксама вырашыць некалькі прынцыповых пытанняў.

 

Першае з іх – што рабіць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія не могуць існаваць без масіраванай дзяржаўнай падтрымкі? Далей укладаць у стратную вытворчасць? Зачыняць яе і звальняць людзей? Прыватызаваць?

 

Другое прынцыповае пытанне: як ажыццявіць карэнныя структурныя рэформы ў беларускай эканоміцы?

 

Па словах спадара Чубрыка, у беларускіх уладаў сёння няма нават дамоўленасці паміж сабой наконт таго, якія рэформы патрэбныя.

 

Сёння выступае міністр і кажа, што будзе праводзіцца прыватызацыя, а прэзыдэнт на заўтра заяўляе, што аніякай прыватызацыі не будзе…

 

Без вырашэння гэтых пытанняў у бліжэйшы час беларускую эканоміку чакаюць цяжкія часы.

 

Ілюстрацыя ўверсе: http://www.telegraph.co.uk

 

Фота Ланы Руднік і Юліі Лыткінай