Новы начальнік гродзенскага МНС расказаў пра міжнародныя праекты і планы на 2014 год
Прэс-канферэнцыя праходзіла ў адмысловым пнеўмамодулі – надзіманым намёце, які ўсталёўваецца за 4 хвіліны і дазваляе камфортна размясціцца, нават калі звонку тэмпература -45 або +50 градусаў.
Першай значнай падзеяй новага года стане адкрыццё 24 студзеня новага пажарна-аварыйнага выратавальнага паста ў Крэве. Ён будзе абслугоўваць населеныя пункты ў радыюсе 10 км. Да наступнай зімы за кошт праграмы ўстойлівага развіцця сяла такі пост з’явіцца і ў Парэччы.
Абласны бюджэт на дзейнасць МНС сёлета прызначыў 8,4 мільярда рублёў (летась – два мільярды на набыццё аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання). За гэтыя грошы плануцца набыць абсталяванне і інструменты, правесці рамонты ў будынках – ёсць і такія, дзе трэба рамантаваць дах ды замяняць дзверы і вокны.
Некаторыя праблемы дапамагае вырашыць удзел у праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Польшча-Беларусь-Украіна” і “Літва-Латвія-Беларусь”. Толькі летась гродзенскія выратавальнікі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы выкарысталі 260 тысяч еўра са сродкаў Еўрасаюза.
У 2014 годзе працягваецца транспамежнае супрацоўніцтва па двух праектах. Праект “Захаваем Белавежскую пушчу разам” па праграме транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” прадугледжвае набыццё аварыйна-выратавальных інструментаў на 40 тысяч еўра, а таксама чатырох аўтацыстэрн. Новыя аўтамабілі будуць абсталяваныя ўсім неабходным для ліквідацыі магчымых пажараў на тэрыторыі Белавежскай пушчы.
У межах іншага праекта на Гарадзеншчыне запланаваныя міжнародныя вучэнні. У маі 2014 года на чыгуначнай станцыі ў Смаргонскім раёне супрацоўнікі Гродзенскага і Віцебскага ўпраўленняў МНС разам з калегамі з Літвы і Латвіі адпрацуюць навыкі ліквідацыі наступстваў хімічнай аварыі на чыгунцы з выкідам атрутных рэчываў.
Паводле легенды, з-за аварыі на пераездзе з чыгуначных цыстэрн выльецца небяспечная атрутная вадкасць, нейтралізаваць якую давядзецца ўдзельнікам вучэнняў.
За сродкі гэтага праекта гродзенскія выратавальнікі выдадуць метадычку па дзеяннях у сітуацыі хімічных аварый і набудуць аўтацыстэрну для ліквідацыі хімічных аварый.
Сур’ёзных хімічных аварый у практыцы гродзенскіх выратавальнікаў не было, але сама наяўнасць “Гродна Азота” прымушае абласное упраўленне МНС асаблівую ўвагу надаваць прафілактыцы надзвычайных здарэнняў і адпрацоўцы дзеянняў супрацоўнікаў: у надзвычайнай сітуацыі вельмі важныя правільныя дзеянні людзей.
Кіраўнік гродзенскіх выратавальнікаў расказаў таксама, што абласное ўпраўленне МНС ужо атрымала новую форму і ўжо складзены графік яе выдачы байцам. На новую форму ў гэтым годзе пераходзяць супрацоўнікі МНС ва ўсёй Беларусі.
Здымкі Яна Лялевіча