Уладзімір Краўцоў сустрэўся з кіраўніком Падляшскага ваяводства
Падляшскі ваявода ўпершыню прыязджаў у Гродна, калі горадам кіраваў яшчэ Уладзімір Саўчанка. Гэтым разам Мацей Жыўна (Maciej Żywno) прыехаў знаёміцца ўжо з новым кіраўніком нашай вобласці.
Кіраўнікі суседніх рэгіёнаў абмяняліся меркаваннямі адносна перспектываў супрацоўніцтва ў межах Еўрарэгіёна “Нёман”, сумесных планаў па развіцці інфраструктуры Аўгустоўскага каналу, рэалізацыі культурніцкіх праектаў.
Уладзімір Краўцоў паведаміў польскаму боку, што ў верасні 2014 г. плануецца завершыць рэстаўрацыю сядзібы Агінскага на Смаргоншчыне, якая можа стаць адным з цікавых аб’ектаў для польскіх турыстаў.
Мацей Жыўна (на здымку злева) з’яўляецца адным з самых маладых польскіх ваяводаў (нарадзіўся ў Беластоку ў 1976 г.). За спіной у маладога палітыка педагагічная праца, а таксама актыўная дзейнасць у складзе грамадскіх арганізацый.
Упершыню на пасаду ваяводы ён быў прызначаны яшчэ ў 2007 г. (затым паўторна ў 2011 г.).
Уладзімір Краўцоў (на здымку зправа) значна старэйшы за свайго калегу (нарадзіўся ў 1953 г.). На пасаду старшыні гарадзенскага аблвыканкаму быў прызначаны ў лістападзе 2013 г.