Польскае консульства ў Гродне пашырылася (фота)
Сёння ў Гродне працуюць чатыры візавыя консулы. У мадэрнізаваных памяшканнях зможа працаваць у два разы больш консулаў і мясцовых працаўнікоў. Паколькі на пашырэнне штату павінны даць згоду беларускія ўлады, польскія дыпламаты плануюць у хуткім часе пачаць перамовы па гэтым пытанні.
Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч (на фота) расказаў, што пашырэнне консульства і адкрыццё новага ўваходу дазволіць выдаваць пашпарты з гатовымі візамі даўжэй – з 9.00 да 14.00, а не адну гадзіну, як раней. Таксама падача і атрыманне дакументаў будзе адбывацца ў розных месцах: падача ў новым памяшканні, а выдача ў кантэйнеры ля старога ўваходу. Новы рэжым працы пачнецца ўжо ў панядзелак 20 студзеня.
Кіраўнік Падляшскага ваяводства Мацей Жыўна падараваў консульству вышыты герб Польшчы
У новых памяшканнях дзевяць акенцаў для падачы дакументаў і ў чатыры разы больш пакояў для правядзення суразмоў. Інтэр’ер галоўнай залы для наведнікаў упрыгожаны малюнкам паводле гравюры Макоўскага, якая адлюстроўвае від Гродна ў 1600 годзе.
У канферэнц-зале консульства вісіць партрэт караля Стэфана Баторыя аўтарства прыдворнага мастака Марціна Кобэра. У міжваенны час партрэт вісеў у кабінеце польскага міністра замежных спраў Юзэфа Бэка ў Варшаве.
На адкрыцці прысутнічалі дыпламаты Польшчы, Літвы, Расіі і Казахстана, ганаровы консул Украіны ў Гродне, прадстаўнікі польскіх і беларускіх мясцовых улад. Каталіцкі і праваслаўны біскупы асвяцілі новыя памяшканні.