Уладзімір Ягорычаў падмануў Савет факультэта ГрДУ?

Нядаўна дзве кафедры – гісторыі Беларусі і археалогіі ды этналогіі – аб’ядналі, стварыўшы кафедру гісторыі Беларусі, археалогіі ды адмысловых гістарычных дысцыплін. Усе 23 выкладчыкі мусілі прайсці конкурс, каб трапіць на новае месца працы. На восемь месцаў дацэнтаў прэтэндавалі 13 асоб – у тым ліку і Уладзімір Ягорычаў. Асноўным аргументам для пераадолення бар’еру да новай пасады быў спіс навуковых прац выкладчыкаў.

 

Святлана Куль-Сяльверстава распавяла, як падчас конкурсу абвесцілі, што за пяць гадоў спадар Ягорычаў напісаў сем манаграфій. Савет факультэту, які змяніўся ў апошні час (у выніку аб’яднання факультэтаў гісторыі, турызму і кафедры журналістыкі), пачуўшы колькасць прац, прагаласаваў за яго кандыдатуру. Аднак спадарыня Святлана здзівілася працавітасцю і таленавітасцю калегі ды вырашыла пачытаць ягоныя творы.

 

“Навуковыя працы” знайшліся ў сеціве і ў бібліятэках. На ўсіх сямі “манаграфіях” пазначана назва “навукова-папулярнае выданне”. Яны прызначаюцца для шырокага кола чытачоў, студэнтаў, школьнікаў, але не для навукоўцаў. У іх адсутнічае навуковы апарат і навуковае суправаджэнне. Спадар Ягорычаў не ўпершыню праходзіў гэткі конкурс, таму мусіў ведаць крытэры да ўдзелу і перамогі.

 

“Ён падмануў Савет факультэту, тых, хто працуе побач з ім, зняважыў нас, як навукоўцаў. Ён абясцэніў нас, бо цяпер атрымоўваецца, што мы павінныя ставіць свае навуковыя працы з ягонымі на адзін узровень. Паўстае пытанне, ці можа чалавек, які свядома падманвае калег, працаваць са студэнтамі”, – не хавае абурэння спадарыня Святлана.

Святлана Куль-Сяльверстава (злева) і Іна Соркіна (справа)

 

Святлана Куль-Сяльверстава таксама адзначыла, што гэткі падман адбыўся ўпершыню на факультэце за 30 гадоў яго працы. Дарэчы, Ягорычаў тут працуе столькі ж.

 

“У нас школа Мараша (прафесар Якаў Мараш стаяў ля вытокаў заснавання факультэту гісторыі, выпусціў каля 70 кандыдатаў навук – belsat.eu). Ён быў чалавекам навукі, чалавекам сумлення і заўсёды вучыў нас быць шчырымі”, – зазначае спадарыня спадарыня Куль-Сяльверстава.


Прафесар плануе паведаміць аб фальсіфікацыі, якая дазволіла атрымаць Ягорычаву пасаду і заробак, рэктару ўніверсітэту. Яна сцвярджае, што такая хлусня – гэта справа пракуратуры і дзяржкантролю.


Уладзімір Ягорычаў адмаўляе фальсіфікацыю. Ён тлумачыць, што і раней у справаздачах падаваў і навукова-папулярныя працы, і свае артыкулы з газет. Спадар Ягорычаў сцвярджае, што ў спісе, які падаваўся на конкурс, ён пазначыў свае сем працаў як навукова-публіцыстычныя. “Але загадчык кафедры Сяргей Аркадзевіч Піваварчык усё падкарэктаваў, можа, для большай вагі. Я ж вымушаны давяраць свайму кіраўніцтву. Цяпер я не ведаю, каму што патрэбнае, а я – у закладніках”.

 

Спадар Ягорычаў дадаў таксама, што ў спіс сваіх працаў трэба было ўключыць не толькі манаграфіі, але і навукова-папулярныя ды навучальныя дапаможнікі.

 

Загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі ды адмысловых гістарычных дысцыплін Сяргей Піваварчык каментаваць сітуацыю праз тэлефон адмовіўся.

 

Крыніца: Белсат