“Не трэба блытаць святы абрад са звычайным гартаваннем арганізму”. На Юбілейным возеры святкавалі Хрышчэнне

Абрад водахрышчанскага купання ў Гродне ўнікальны. У малебне і асвячэнні вады ўдзельнічалі адначасова праваслаўны і каталіцкі святары. Такім чынам, выкупацца ў асвячонай вадзе і, згодна з павер’ем, змыць з сябе назапашаныя за год грахі, мог кожны, незалежна ад веравызнання.

 

У 13.00 іерэй Сергій Цвірко, настаяцель прыхода храма Нерукатворнага Вобраза Гасподняга ў вёсцы Каробчыцы, здзейсніў чын асвячэння вады.

 

Жаданне людзей дакрануцца да святасці і атрымаць благаслаўленне – народная традыцыя. Царква не пярэчыць ёй, але і не кажа, што прытрымлівацца яе – абавязковае.

На думку прадстаўніка праваслаўнай царквы, ныранне ў халодную ваду на свята Хрышчэння – справа другасная, бо сэнс свята зусім не ў гэтым. На думку іерэя Сергія нельга блытаць вялікую падзею ў жыцці Царквы, калі Гасподзь пагрузіўся ў воды Іардана і прыняў на сябе грахі чалавецтва, з жаданнем паўдзельнічаць у нейкім шоў і атрымаць неабходную дозу адрэналіну. У народзе прынята лічыць, што акунанне ў палонку змывае грахі – але, як запэўнівае святар, гэта няпраўда. Для адкуплення грахоў існуе пакаянне і споведзь.

 

“Той, хто хоча па-сапраўднаму паўдзельнічаць у свяце, павінен напярэдадні яго папасціцца, раніцай прыйсці ў храм на службу, паспавядацца і прычасціцца, пасля чаго – набраць вады. Не трэба блытаць святы абрад са звычайным гартаваннем арганізму”, – кажа праваслаўны святар.

 

Тым не менш, хрысціяне з глыбокай павагай ставяцца да вады, асвечанай у дзень Хрышчэння Гасподняга. Яе прынята піць, каб павялічыць духоўную моц і палепшыць здароўе. Хрышчэнскай вадой прынята таксама акрапляць жыллё.

 

Што тычыцца абмывання святой вадой, трэба памятаць, што духоўны сэнс гэтай чыннасці – не “маржаванне”, і не выпрабаванне сябе. Набожным людзям не варта агаляць цела, наадварот, ім раіцца апранацца ў кашулю.

Традыцыйна купанне адбываецца наступным чынам – чалавек заходзіць у палонку, хрысціцца і тры разы з галавой пагружаецца ў ваду.

 

“Людзі, якім па стане здароўя не раяць акунацца ў халодную ваду, могуць здзейсніць абмыванне цёплай вадой у лазні. Для выканання абраду дастаткова і адной кроплі святой вады”, – падкрэслівае святар.

 

Медыкі ўспрымаюць пагружэнні ў халодную ваду як від гартавання. Яны кажуць, што гартаванне – вельмі карысны працэс для чалавечага імунітэту. Калі чалавек мае загартаваны арганізм, у яго зніжаецца колькасць захворванняў, умацоўваюцца сасуды сэрца, галаўнога мозга, паляпшаецца апетыт, сон.

 

Але да ўсяго трэба падхадзіць з асаблівай трэніроўкай. Калі арганізм не падрыхтаваны для пагружэння ў халодную ваду, то не трэба і рызыкаваць. Непадрыхтаваны, незагартаваны чалавек, які рызыкне пагрузіцца ў палонку на свята Хрышчэння, с вялікай верагоднасцю прастудзіцца ці атрымае запаленне лёгкіх. Таксама медыкі кажуць, што пры рэзкай змене тэмпературы на момант вельмі моцна звужаюцца сасуды, што можа прывесці нават да спынення працы сэрца.

Найбольш падрыхтаваныя да ўдзелу ў акунанні ў палонку на свята Хрышчэння – загартаваныя людзі, якіх называюць “маржамі”. Па звестках мінулага года, у гарадскім аб’яднанні “маржоў” зарэгістравана 30 чалавек. Аднак, жадаючых акунуцца ў палонку на возеры Юбілейнам у мінулую нядзелю было значна больш.

 

Адзін з ратавальнікаў Таварыства ратавання на водах паведаміў нам, што нясе дыжурствы на беразе Юбілейнага ўжо 25 год. І кожны год ў гэты святочны дзень сюды прыходзілі людзі, каб акунуцца. “Але адмысловыя мерапрыемствы ладзяцца тут на Хрышчэнне толькі апошнія пяць гадоў”, – кажа ратавальнік.

 

А вось што расказалі нам наведвальнікі купанняў. Артур прыйшоў на возера разам з сябрамі каб акунуцца. На пытанне пра настрой, адчуванні і фізічную падгатоўку шчыра адказаў:

 

“Я маю вельмі цікавыя адчуванні: адначасова экстрыму і ачышчэння. Сам я – праваслаўны, мае сябры католікі, але гэта не спыніла іх прыйсці сёння са мною каб акунуцца. Наконт фізічнай падрыхтоўкі, лічу, што можна абысціся і без яе. Галоўнае быць маральна настроеным. Сам я займаюся “маржаваннем” ужо не першы год, таму раю не баяцца і смела акунацца”.


Ірына: “Маю цікавыя пачуцці ад пагружэння ў палонку. Адчуваю, што сапраўды ачысцілася ад грахоў. Рыхтавалася больш маральна, вырашала акунацца ці не, бо тэмпература вады толькі два градусы, а тэмпература паветра -11. Холадна.

 

Дзмітрый: “Я акунаюся ў палонку ў гэты дзень ужо трэці год. Гэта дзейнічае як наркотык. Хочацца працягваць кожны год. Пасля сапраўды адчуваеш нейкую свабоду ад грахоў. Ды і выпрацоўваюцца гармоны сератанін  і эндарфін, якія карысна ўплываюць на арганізм”.

 

Заяўка на правядзенне мерапрыемства на возеры Юбілейнам прадугледжвала ўдзел у купанні каля 300 чалавек. Аднак у гэтым годзе свята выпала на выходны дзень і жадаючых акунуцца ў купель атрымалася значна больш.

Акрамя святкавання Хрышчэння Гасподняга, 19 студзеня МНС Рэспублікі Беларусь адзначыла сваё пятнаццацігоддзе. З гэтай нагоды ратавальнікі падрыхтавалі на беразе Юбілейнага возера забаўляльную праграму для дарослых і дзяцей. На чатырох пляцоўках былі прадстаўлены выставы пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, праводзіліся гульні, конкурсы, віктарыны, ахвотныя частаваліся кашай і гарбатай з палявой кухні.

 

Здымкі з архіву “Твайго стылю”