СОН У ЗІМОВУЮ НОЧ (ФЕЛЬЕТОН)
Горад Гродна, пачатак XXI ст.
Спатканне ў штаб-офісе аднаго вельмі сакрэтнага міністэрства. Яно такое сакрэтнае, што нават працоўныя не ведаюць яго назвы. Нехта сядзіць і пазяхае, хтосьці— нецярпліва паглядвае на гадзіннік. Уваходзіць Міністр і запрашае ўсіх да стала.
– Паважаныя таварышЧы, мы павінны абмеркаваць пытанне, якое у далейшым зможа выратаваць нас ад шматлікіх фінансавых праблем. Пачну з таго, што самаму Важнаму чалавеку ў нашай краіне было відзенне падчас сну. Яму прывідзелася, што ў хуткім часе да нас завітаюць… іншапланецяне. Толькі дакладна невядома, у які горад. Каб гэтым горадам апынуўся наш родны Гродна, мы павінны зрабіць нейкія апавяшчальныя сістэмы, ці знакі. Можа, «госці» ўжо зараз сочаць за намі і робяць свой выбар. І калі выбяруць нас!..
– Мы зможам наладзіць турыстычныя маршруты для марсіян! – Радасна падхапілі «таварышчы».
– Атрымаць інвестыцыі!
– Субсідыі!
– Гэта вам не агратурызм, – падкрэсліў Міністр і прапанаваў падумаць аб «сістэме» апавяшчэння больш падрабязней.
Таварышчы падпёрлі шчочкі ручкамі і задумаліся. Нарэшце слова ўзяў Сакратар па сувязях з грамадствам:
– А што, калі на адкрытай пляцоўцы ўсталяваць вялізарны экран, на якім мы будзем трансляваць відэастужкі пра нашыя мясціны, паказваць нашых людзей, ды ўвогуле даваць розную інфармацыю?
– Ідэя не дрэнная, – адзначыў Міністр. – Але дзе можна ўсталяваць такі экран, каб ён не перашкаджаў людзям, не вызываў падозранняў і быў прыкметны з арбіты?
Тут падхапіўся з месца Адказны за спорт:
–Я ўжо некалькі месяцаў прашу, каб на стадыёне «Нёман» усталявалі экран для трансляцыі ліку ў час спаборніцтваў! Можа, аб`яднаем нашыя інтарэсы?
Падаў незадавольны голас і Адказны за культуру:
– Мне таксама патрэбны экран для трансляцыі артыстаў падчас канцэртаў ці іншых выступленняў. Што мы, горшыя за Мінск?
Запахла сваркай. Спорт і культура былі гатовыя трэснуць адзін аднаго па галаве звернутай ў трубачку гарадской газетай «Не ўся праўда». Міністр прыняў рашэнне:
– Каб задаволіць інтарэсы, як бы мовіць, Цела і Духу прапаную усталяваць экраны і на Савецкай плошчы, і на стадыёне. На плошчы дэманструем канцэрты, сацыяльную рэкламу, гістарычныя помнікі. А на стадыёне – лік, твары чэмпіёнаў, спартыўныя залы і абсталяванне…
Сярод таварышчаў быў адзін вельмі сварлівы, упарты ды і ўвогуле нейкі апазіцыйны. Не таварышЧ, карацей… Вось ён здзекліва пытае:
– А з гукам што будзем рабіць? Ён можа раздражняць людзей, ды і з тэхнічнага боку могуць узнікнуць цяжкасці.
– А навошта ён патрэбны, калі іншапланецяне не ведаюць мовы зямлян? – Адмахнуўся Міністр і сткунуў далонню па стале. – Галоўнае – усталяваць экраны і пачаць наладжваць міжпланетны кантакт. Хто «за»?… Устрымаўся?… Супраць?…
Вядома, супраць быў адзіны «не таварышч», які любіў задаваць пытанні:
– А ці можа горад дазволіць сабе такую міжпланетную сігналізацыю ў час сусветнага эканамічнага крызісу?
Але яго голасу ніхто не пачуў. Усе пабеглі ў буфет есці дранікі, абмяркоўваць вешчыя здольнасці Важнага чалавека дзяржавы і першы міжпланетны кантакт.
Борт касмічнага карабля іншапланецянаў. Тыя ж часы.
Радавы Ах падыходзіць да капітана Ух:
– Капітан, на Зямлі жывуць дзівакі! Апошні прыклад: на поўнач ад экватару ў небагатым пасяленні «Гродна» усталявалі велізарны нікому не патрэбны светадыёдны экран. Ён паказвае ўсё адно і не мае гуку. Жыхары пасялення нават не выкарыстоўваюяь яго ў якасці дэманстратара рэкламы. – І, рамантычна закаціўшы вочы, дадаў… – Хоць бы музыку транслявалі – Вівальдзі ці «Мумій Троль».
Капітан Ух усміхнуўся:
– Малады ты зусім…Гэта экран для таго, каб адцягнуць увагу ад будынка, што стаіць побач. Напэўна, там патрабуецца рамонт! А наконт рэкламы… Прадпрымальнік ў гэтай краіне бедны, малаколькасны і палахлівы. Яго толькі на адзін см квадратны ў мясцовай газеце хапае…
– Паркавацца будзем?
– Яшчэ не час! Няхай сталеюць… А ты, дарагі Ах, перад тым як улазіць у сны, падумай – да каго лепш.
Пустынная плошча…Хлюпотна пад нагамі… Пахмурнае надвор`е… І толькі велізарны экран адкрывае свае вока, у якім па 146-м коле круціцца нейкая невыразная карцінка. Экрану сумна…
Вольга КОРСУН