Калядоўшчыкі зноў наведалі беларускамоўную групу ў садку

Сустракала гасцей у групе выхавацелька Ірына Станіславаўна, якая падрыхтавала дзетак да прыходу калядоўшчыкаў: яны развучылі калядныя песні і вывучылі вершы.

Каза, Мядзведзь, Цыган і Зорканош паказалі дзеткам традыцыйны ход Калядак: удзельнікі спявалі песні, вадзілі з дзеткамі карагод. Мядзведзь капіраваў дзіцячыя паводзіны (на фота ніжэй), чым асабліва ўразіў гледачоў, – дэманстраваў, як дзеткі зубы чысцяць, як мыюцца, як кашу ядуць і як у садок бягуць.

А калі Каза аслабела, павалілася на падлогу і стала прасіць падарункаў у выглядзе каўбасы, то дзеці не разгубіліся і, за няйменнем мясных заначак, шчодра адарылі Казу цукеркамі – самым каштоўным для іх узросту таварам.

У канцы дзеці вырашылі праспяваць сваю самую любімую песню, якая ўжо другі год з’яўляецца хітом групы – “Цік-так ходзікі” Леаніда Пранчака, чым вельмі ўразілі гасцей.


Цік – так   ходзікі

Мне чатыры годзікі,

Чуб ільняны светларусы

Тата з мамай беларусы.

 

Пасля прадстаўлення госці распавялі дзецям пра Зорку, маску Казы і саломку, сфатаграфаваліся ўсе разам на памяць і былі запрошаныя на гарбату.