На “Кірмашы праектаў” у Гродне прадставілі дзевяць культурніцкіх ініцыятыў
У кавярні “Салодкі пачастунак” сабралася каля 50 чалавек: у асноўным прадстаўнікі грамадскіх інцыятыў, а таксама журналісты, студэнты, гісторыкі. У якасці экспертаў выступалі адмыслова запрошаныя госці з Мінска: кіраўнік праекту Experty.by Зміцер Безкаравайны і начальніца аддзела культуры адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Аксана Нікіціна.
Прадстаўнікоў гарадзенскіх гарадскіх уладаў не было. Як паведаміла суарганізатар сустрэчы і каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гарадзенскім рэгіёне Хрысціна Марчук: “Мы накіравалі ліст у аддзел культуры. І яны атрымалі нашае запрашэнне. Не адмовілі, але і не прыйшлі…”
Першай прадставіла сваю ініцыятыву пад назвай “Папулярызацыя драўлянай архітэктуры Гародні” гісторык Таццяна Касатая. Па яе словах, праект мае вырашыць праблему знішчэння старых драўляных будынкаў, якія маюць важнае архітэктурнае значэнне для горада. Прапануецца рабіць замалёўкі такіх будынкаў і ствараць іх планы. Дзеля папулярызацыі драўлянай спадчыны такія выявы можна будзе надрукаваць на паштоўках. А калі будынак будзе знішчаны, то па створаным плане яго можна будзе з часам аднавіць наноў.
Адразу две ініцыятывы, накіраваныя на ажыўленне фасадаў гарадзенскіх будынкаў, прапанавала мастацтвазнаўца Наталля Паўленка. У першай, пад назвай “Дом-батлейка. Другое жыццё” прадугледжваецца стварэнне на фасадах старых будынкаў сучасных інсталяцый вялікіх памераў, а паводле другой – “Літаратурны брэнд Гродна” – прапаноўваецца размясціць на будынках вялікага памеру плакаты, фрэскі ці проста выявы вядомых гарадзенскіх пісьменнікаў з цытатамі з іх твораў. “У нашым горадзе паўсюль шмат рознай рэкламы і выяваў, але нізкай якасці. Хачу, каб нахабна лезла ў вочы нешта карыснае і правільнае!” – падкрэсліла Наталля.
Але, як заўважыў Зміцер Безкаравайны адносна ўсіх трох праектаў: “На ўзроўні ідэі – цудоўна! Але не распрацавана да канца…”
Досыць арыгінальны праект пад назвай “Гравюра Адэльгаўзена/Цюнта – культурны код Гародні” прадставілі гарадзенскія навукоўцы Андрэй Чарнякевіч і Сяргей Салей. Задумка гісторыкаў заключалася ў тым, каб выкарыстаць вядомую гравюру ў якасці базісу для развіцця гарадскога брэндынгу. Па словах аўтараў, гравюра з’яўляецца ўнікальнай для Гродна і не мае аналагаў сярод другіх гарадоў Беларусі. Прапануецца зрабіць яе высокаякасную копію, бо набыць арыгінал у бліжэйшым часе будзе нялёгка. Варта дадаць, што менавіта гэты праект выглядаў найбольш прадуманым сярод усіх прадстаўленных. Дыскусія разгарнулася толькі вакол некаторых яго дэталяў.
Прадстаўнік гарадзенскай мітап-лабараторыі Вячаслаў Трацяк прапанаваў стварыць у Гродне віртуальную мабільную бібліятэку. За аснову быў узяты вопыт Адэсы, Кіева, Львова і Мінска. Паводле задумкі, у любым месцы ў горадзе можна размясціць тумбы або стэнды з выявамі кніжных паліц з QR-кодамі і простымі спасылкамі, каб кожны ахвотны, маючы адпаведнае прыстасаванне з доступам да інтэрнэту, мог хутка зайсці на старонку з цікавай яму кнігай і прачытаць яе. У Гродне такая бібліятэка можа пачацца з невялікага збору кніг менавіта гарадзенскіх аўтараў або кніг пра горад. Па словах Вячаслава, першая версія бібліятэкі ўжо амаль гатовая, ёсць дамоўленасць размясціць плакаты ў некалькіх месцах.
Эльвіра Хмяльніцкая прадставіла сумесную з Ганнай Кузняцовай ініцыятыву “Коўчынг для бацькоў”. Па словах Эльвіры, на гэтую ініцыятыву яе натхніла праца з трыма групамі бацькоў. І, як паказала практыка псіхалагічных кансультацый, сёння ёсць шмат няякасных парадаў, якія людзі прымаюць на веру, не слухаючы прафесіяналаў. Праект мае паказаць важнасць культуры звароту да псіхолагаў, а таксама актуальнасць новых адукацыйных падыходаў.
Студэнтка Эмілія Комар прапанавала праект “Насіць і несці беларускасць у кожным дні!”. Праект накіраваны на папулярызацыю беларускіх нацыянальных арнаментаў на адзенні, завушніцах, кулонах. Эмілія вельмі эмацыйна і ўпэўненна расказвала аб вартасці сваёй ідэі. У якасці доказу нават папрасіла ўстаць у зале сваіх сябровак, на адзенні якіх таксама былі беларускія арнаменты.
Сяргей Салей прадставіў праект Наталлі Сліж “Конкурс дзіцячых малюнкаў”. Такім чынам плануецца праз прыцягненне да выяўленчага мастацтва дзяцей, ушанаваць памяць выбітнага гарадзенскага мастака Зміцера Іваноўскага.
Апошняй выступіла Юлія Каляда, якая прадставіла сумесную з Хрысцінай Марчук ініцыятыву “Канцэпцыя пераўтварэння офіснага будынка ў творчы кластар”. Ідэя заключалася ў стварэнні на базе некаторых пакуль пустуючых памяшканняў будынку па вул. Будзёнага, 48а творчага кластэру з арт-зонай, выставачнай залай, міні-кавярняй, а таксама хостэлам “Два вакзалы”.
“Гэта самая амбіцыйная ідэя з прадстаўленых”, – жартавала Юлія. Па яе словах, рэалізацыя такога праекта прынесла б карысць і арэндатарам (шматлікія дробныя офісы ды польскае консульства), і арэндадаўцам. Прысутная на кірмашы прадстаўнічка прадпрыемства “Форт”, якое валодае будынкам па вул. Будзёнага, 48а, расказала, што ў закінутай пакуль частцы плануецца ў будучыні стварыць рэстаран і кавярню.
Варта нагадаць, што ў першым гарадзенскім “Кірмашы праектаў”, які праходзіў у траўні мінулага году, было прадстаўлена сем ініцыятываў. Як паведамілі арганізатары, дзве з іх ужо рэалізуюцца і хутка пачнецца рэалізацыя яшчэ адной. А вось колькі ўдасца рэалізаваць з прадстаўленых гэтым разам дзевяці?
Добрую параду даў Зміцер Безкаравайны: “Каб рэалізаваць ідэі, трэба іх добра прапрацаваць. Тады прасцей будзе атрымаць дапамогу. Шмат чаго яшчэ пакуль трымаецца на веры і ўпартасці, але выдатна, што ёсць людзі, гатовыя ствараць праекты дзеля культуры…”
На пытанне, што чакае прадстаўленыя праекты і якой цяпер будзе задача кампаніі “Будзьма беларусамі!”, Хрысціна Марчук адказала: “Рэалізацыя праектаў залежыць ад іх аўтараў. Мы будзем старацца праекты папулярызаваць, шукаць патэнцыйных партнёраў і людзей, якіх можа зацікавіць пэўная тэма…”
Здымкі Яна Лялевіча