Бітва паэтаў транслявалася ў жывым эфіры

|
     
  Дадалося відэа выступаў  
     

 

Арганізатарамі слэму з’яўляюцца сябры грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” у партнёрстве з культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і кніжнай серыяй “Гарадзенская бібліятэка”.

 

Каардынатарка слэму Алеся Бяленік не хавае перад пачаткам імпрэзы свайго хвалявання.

Слэм распачынаюць яго вядучыя – Аляксей Шота і Хрысціна Марчук.

 

“Мы хочам, каб нашыя таленавітыя гарадзенскія паэты выйшлі са старонак паэтычных зборнікаў у публіку”, – тлумачыць сутнасць слэму Хрысціна.

 

Вядучыя прадстаўляюць шаноўных гасцей – Дануту Бічэль і Аляксея Пяткевіча, якія пасля выступаў вызначаць лепшых на свой погляд выступоўцаў. Але гэта толькі дадатковыя балы – ацэньвае выступы перадусім журы, складзенае з шасці выпадковых чалавек з залы.

 

Тэма слэму сёння вольная. Выступы да трох хвілін. Чарговасць выступаў вызначаецца праз лёсаванне.

 

Па-за конкурсам выступае Ганна Ліпчанская, якая напісала адмысловы парадыйны верш пра слэм і слэмераў (глядзі відэа ніжэй).

 

Урэшце пачынаюцца выступы паэтаў. Першай выступіла Ала Петрушкевіч (відэа ніжэй).

 

Выступае Сяргей Астравец. Чытае частку са свайго “Чарнагорскага дзённіка”.

 

Ад Дзяніса Жыгаўца вядучыя просяць “драйву”. Той стараецца – атрымліваецца эмацыйна.

 

Ці то журы трапілася вельмі лагоднае, ці то ўдзельнікі найвышэйшага ўзроўню – максімальны бал выступоўцы атрымліваюць вельмі часта.

 

Ганна Аўчыннікава бярэ не толькі густоўнай паэзіяй, але і зоркай на чале:)

 

Па-рознаму “запальваюць” публіку Антось Янкоўскі, Валера Руселік, Анатоль Брусевіч.

 

Янкоўскаму, калі ён чытае верш прысвечаны Караткевічу, дапамагае ўся зала, паўшэптам паўтараючы “Быў… Ёсць… Буду…”

 

Руселік тлумачыць, што спрабаваў напісаць штосьці адмыслова на слэм, але ў выніку прачытае “штосьці са старога”.

 

“Самы сціплы” ўдзельнік слэму, Анатоль Брусевіч, чытае верш пра “генія Анатоля Брусевіча”.

 

Апошняй выступае Святлана Куль.

 

Асабліва ўражвае яе другі верш: “Мае сябры цяпер ужо Дзяды, я ў лістападзе клікаць іх павінна…” Дрыжыць голас, слёзы ў вачох. Эмацыйна! Моцная заяўка на перамогу!

 

Аляксей Пяткевіч: “Усе вершы маюць права на першае месца! Выбіраць цяжка. Але мой асабісты выбар – Ганна Аўчыннікава”.

 

Данута Бічэль: “Была ўпэўненая, што аддам свой голас за Алу Петрушкевіч, але ўсе прачыталі так прыгожа! Я вас усіх люблю! Я аддаю сёння свой голас за Руселіка”.

 

Журы падлічвае галасы. Другога туру не будзе – чуваць з боку журы. Гэта азначае, што пераможца вызначаны. Застаецца крыху пачакаць…

 

Пакуль жа выступае госць з Мінску Віталь Рыжкоў.

Адчуваецца клас. Нездарма хлапец ужо шмат разоў выступаў у такога кшталту слэмах!

 

Абвяшчаюць вынікі. Найвялікшую колькасць балаў набрала паэтка Ганна Аўчыннікава. На другім месцы апынуўся Валера Руселік. Трэцяе месца заняла Святлана Куль-Сяльверстава.

Кожны пераможца атрымаў памятныя прызы, у тым ліку кнігу Юры Гуменюка “Назаві мяне геніем”. Галоўны прыз – падарункавае выданне “Спадчына Беларусі” ў скураной вокладцы.

 

Інтрыга з днём нараджэння Алы Петрушкевіч, кава, гарбата і печыва, гурт “Камертон”, які ствараў сваеасаблівы настрой… Паэтычны слэм перацякае ў нефармальныя размовы. Здаецца, усё атрымалася ўдала.

 

Чакаем працягу!

 

Здымкі і відэа Яна Лялевіча