Рада гарадзенскага ўніверсітэта канчаткова звольніла гісторыка Іну Соркіну
Іна Соркіна так пракаментавала сітуацыю для “Твайго стылю”:
“Сёння на Радзе ўніверсітэта прынятае канчатковае рашэнне аб маім звальненні. На гэтым пастаўленая кропка ў 25-гадовым перыядзе майго жыцця, звязаным з вучобай і працай у ГрДУ імя Янкі Купалы.
Відавочна, што падставы для непераабрання мяне на пасаду дацэнта ніякім чынам не звязаныя з якасцю выканання прафесійных абавязкаў. Штучна створаная конкурсная сітуацыя (11 кандыдатаў на 8 месцаў дацэнтаў) Радай факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму тайным галасаваннем была вырашаная такім чынам, што я, маючы за пяць год абсалютна лепшыя паказчыкі якасці навукова-педагагічнай працы сярод 11 кандыдатаў, даруйце вымушаную нясціпласць, аказваюся сярод тых, хто не быў абраны на пасаду дацэнта”.
Супраць кандыдатуры Соркінай у галасаванні выказаліся 15 з 23 чальцоў Рады факультэту.
Соркіна лічыць, што асноўнай прычынай звальнення яе з універсітэта стала прынцыповасць, якую яна праяўляла і адстойвала ў шэрагу выпадкаў. Як піша ў Facebook гісторык Андрэй Чарнякевіч, Соркіна ў 2008 годзе была адной з арганізатараў байкоту навуковай канферэнцыі, з удзелу ў якой мясцовыя ўлады выключылі вядомых гісторыкаў Краўцэвіча і Смаленчука. Некалькі гадоў пазней актыўна збірала сярод калег подпісы за перагляд звальнення самога Чарнякевіча. Год таму збірала подпісы за вяртанне беларускай мовы ў выкладанне гісторыі Беларусі ў школах. Пры гэтым яна актыўна і плённа займалася навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю.
Соркіна спрабавала звяртацца да рэктара, каб правесці конкурс яшчэ раз, бо былі парушаныя крытэрыі адбору кандыдатаў, а таксама дапушчаныя працэдурныя парушэнні. Але яе апеляцыю Рада ўніверсітэта палічыла беспадстаўнай.
Нагадаем, што пасаду дацэнта, на якую прэтэндавала Соркіна, у выніку конкурса заняў Уладзімір Ягорычаў, вядомы сваімі артадаксальнымі камуністычнымі поглядамі.
Справа стала яшчэ больш скандальнай, калі прафесар Святлана Куль-Сяльверстава высветліла, што Ягорычаў падаў на конкурс у спісе публікацый свае навукова-папулярныя творы, дзе адсутнічае навуковы апарат. Гэтыя ж творы Саюз пісьменнікаў, сябрам якога з’яўляецца Ягорычаў, разглядае як мастацкія.
Але ўсё вырашылася на карысць Ягорычава, бо 23 студзеня Рада факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму, паводле экспертнага заключэння, прызнала ягоныя кнігі навуковымі.
“Я вельмі ўдзячная сваёй alma mater, дзе я мела гонар вучыцца ў такіх прафесіяналаў і Асобаў, як прафесары М.А.Ткачоў, Б.С.Клейн, У.Д.Разенфельд, Ф.У.Налівайка ды іншыя. Менавіта ў сценах універсітэта адбывалася маё станаўленне як навукоўца і выкладчыка, – кажа Соркіна. – Шчыра дзякую ўсім калегам, сябрам, студэнтам, якія падтрымалі мяне ў дадзенай сітуацыі”.