Серыяламанія: міф ці рэальнасць?

Чалавек, які ўцягнуўся ў адсочванне лёсаў герояў шматлікіх серыялаў, даступных дзякуючы інтэрнэту і сотням тэлеканалаў, страчвае шмат часу. Спецыялісты заўважаюць, што апошнім часам гэтая праблема ўсё часцей тычыцца моладзі. Замест школы ці ўніверсітэта – серыялы, замест сяброў ды сям’і – серыялы, замест працы і дапамогі бацькам – серыялы, замест рэальных пацех – серыялы, у рэшце рэшт, замест сапраўднага жыцця – жыццё людзей за экранам.

 

Серыяламанія, так акрэсліваюць апісаную залежнасць – вельмі небяспечная рэч. Чалавек, які церпіць на серыяламанію, страчвае сканцэнтраванасць і ўважлівасць, з-за залішняй інфармацыі ў яго магчымыя прыступы панікі і іншыя формы змены псіхікі. Серыяламан паступова забывае пра ўласныя справы і пачынае жыць жыццём герояў. “Пагружэнне” ў фільмы выклікае адчуванне “зманлівай небяспекі”, чалавек паціху забывае пра ўсе надзённыя турботы і праблемы.

 

Канешне, прафесіяналы кінаіндустрыі ведаюць, як зацікавіць гледача такім чынам, каб ён з нецярплівасцю чакаў наступную серыю, каб у ягоным графіку замацавалася штодзённы прагляд адной ці двух серый, а потым ужо і пяці, дзесяці… Інтрыга і кульмінацыя – вось вуда, на якую мы пападаемся, а потым, кусаючы локці, чакаем новых серый. Цікава аднак тое, што амаль ніхто не прызнае залежнасць ад  серыялаў праблемай ды ўвогуле не лічыць, што яна псуе ягонае жыццё.

 

Узнікае пытанне: праблема серыяламаніі – гэта міф ці рэальнасць?

 

“Твой стыль” пацікавіўся ў актыўных гледачоў тэлеэпапеяў пра іх любоў да серыялаў.

 

Лера Ламакіна, 17 год:

“Лічу, что выдатна падыходжу для такога пытання, таму што раней колькасць серыялаў, якія я глядзела – відавочна зашкальвала. Гляджу іх, бо ў мяне мысленне самай тыповай дзяўчыны, якая любіць прыгожае жыцце, вечнае каханне і прывабную знешнасць, якой адрозніваюцца акторы. Падабаецца адчуванне, што зазіраеш у жыццё іншых людзей і бачыш, якое яно дынамічнае ды цікавае. У серыяльным жыцці знаходзіш тое, што ў сваёй штодзённай  руціне не ўбачыш.

 

І вось гэта выклікае эфект, які можна заўважыць толькі з часам, калі робішся больш дарослы: перажыванне  серыяльнага жыцця пазбаўляе рэальнага мыслення і самастойных жыццёвых меркаванняў. У мяне, на шчасце, гэтая свядомасць з’явілася, і зараз, калі вучоба займае асноўную частку майго часу, я марную яго мінімум на прагляд серыялаў: гляджу дзве-тры серыі на тыдзень. Калі б прыйшлося, то магла б адмовіцца ад серыялаў зусім. Але гэта зараз я такая “разумная” і не ведаю, што б адказала ў классе 8, калі была  памешаная на “Пляткарцы”.

 

Дарэчы, серыялы бываюць  і карысныя. Дзякуючы некаторым з іх, я пазнаёмілася з кучай біблейскіх матываў, напрыклад. Аднак, па вялікім рахунку, нічога добрага я ў залежнасці ад прагляду серыялаў не бачу. Сябе серыяламанкай не лічу, бо здараюцца і горшыя выпадкі”.

 

Ліза Шаланда, 17 год:

“Серыялы – гэта вельмі цікава і яны для мяне бываюць цікавейшыя, чым мастацкія фільмы. З серыялаў я атрымліваю шмат карыснага, што часам дапамагае мне знайсці выйсце ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Прагляд серыялаў займае ў мяне ў сярэднім па дзве гадзіны ў працоўныя дні і каля дзесяці гадзін у выходныя.

 

Ці змагу абмовіцца ад серыялаў? Не, не і не! Як жа не даглядзець да канца, не даведацца пра самае цікавае?! Прызнаюся, бывае, что серыялы негатыўна ўплываюць на падрыхтоўку дамашняга задання, таму што займаюць большую частку майго вольнага часу, але мяне чамусьці гэта не турбуе.

 

Так, я серыялазалежны чалавек, але я таксама – серыялагурман, бо не буду глядзець першае, што мне патрапіць. Я заўсёды старанна выбіраю серыял для прагляду”.

 

Віка Лапко, 17 год:

“Я люблю глядзець серыялы, таму што мне цікава сачыць за жыццём любімых герояў, хвалявацца за іх. Часам, калі ўдаецца пагрузіцца ў атмасферу серыяла, забываеш пра штодзённае жыццё.

 

Што тычыцца часу, які прысвячаю прагляду серыялаў: калі серыял цікавы, то магу глядзець па некалькі гадзін без перапынку. Ці магла б адмовіцца ад серыялаў? Супярэчлівае пытанне. Мне падабаецца ўспрымаць галоўных герояў як добрых знаёмых, пазнаваць іх звычкі, жарты, якія пачынаеш разумець толькі пасля прагляду двух-трох сезонаў. Дык вось, хутчэй за ўсё – не, не адмовілася б.

 

Лічу, што з кожнага серыяла можна вынесці для сябе нешта карыснае: каштоўнасць сяброўства, моц кахання, нават нейкія цікавыя факты, пра якія раней не ведаў.

 

Серыялазалежнай я бы сябе не назвала, бо ёсць людзі, якія марнуюць вялізныя грошы, каб быць падобнымі да галоўных герояў, прысвячаюць серыялу большую частку жыцця. Я жа праглядаю па некалькі разоў сем-восем сезонаў, пакуль не вывучу галоўныя рэплікі на памяць, але я не залежу ад серыялаў”.

 

Хрысціна Маркевіч, 17 год:

“Для мяне прагляд серыялаў гэта адпачынак, які не патрабуе ўдзелу іншых людзей, гэта час, праведзены толькі з самой сабой ды прыдуманымі падзеямі і героямі, якія бываюць цікавейшыя, чым сапраўдныя людзі.

 

Таксама я гляджу серыялы з-за акторскай гульні, рэжысёрскай працы, мантажа, бо цікаўлюся гэтым. Часу праводжу за серыяламі не так шмат, як раней – дзесьці адну-дзве гадзіны ў дзень, а па выходных – пяць-шэсць гадзін.

 

Калі гаварыць пра тое ці магу адмовіцца ад прагляду серыялаў, то ўсё залежыць ад тэрміну адмовы. Думаю, што на адзін-два месяцы магла б адмовіцца, а вось ужо на год – не ведаю…

 

Увогуле, лічу, што серыялы існуюць не толькі для пацехі, але таксама для здабывання ведаў пра жыцце, жыццёвыя праблемы, чалавечыя дзеянні і т.п. Серыялы дапамагаюць разумець іншых, іх пачуцці, думкі, што вельмі карысна.

 

Канешне, серыялы перашкаджаюць у вучобе, аднак не думаю, што калі б я іх не глядзела, то вучылася б больш старанна. Перш за ўсё – гэта адзін з лагоднейшых адпачынкаў для мяне. Хутчэй за ўсё, я сапраўды серыялазалежная, аднак бываюць перыяды, калі магу тыднямі не звяртацца да іх, але здараецца, што гляджу штодзённа па сем-восем гадзін”.

 

 

Цікава, што сярод серыялалюбаў амаль няма хлопцаў. Але “Твайму стылю” ўдалося знайсці выдатны “экзэмпляр” і сярод іх.

 

 

Станіслаў Белы, студэнт, 18 год:

“У дзень прысвячаю прагляду серыялаў па тры гадзіны. Зразумела, што гляджу не жаночыя меладрамы, а нешта больш сур’ёзнае, як “Менталіст”, “Дэкстэр”, “Доктар Хаўс”. Адмовіцца, напэўна, не змог бы, таму што проста не хачу. З серыялаў вучуся зносінам з людзьмі і паводзінам у розных жыццёвых сітуацыях, коратка кажучы – вучуся на памылках герояў серыялаў.

 

Таксама ў серыялах шукаю свой жыццёвы ідэал. Я згодны, што серыялы перашкаджаюць падрыхтоўцы да лекцый ва ўніверы, таму што займаюць шмат часу. Аднак, зрабіць з сабой нічога не магу. Я не задумваўся, ці з’яўляюся серыяламанам,  можа не, а можа і так”.

 

 

Пазітыўным бокам серыялазалежнасці з’яўляецца тое, што яе не трэба пакуль што лячыць медыкаментозна. Каб пазбавіцца гэтай праблемы – дастаткова толькі мець сілу волі і жаданне працаваць над сабой. Вось некалькі парадаў ад псіхолага Наталлі Міхно:

 

“Усё добра ў меру! Так бы я адказала на пытанне наконт захаплення серыяламі. Самы захапляючы серыял не параўнаецца з рэальным жыццём. Зносіны з аднагодкамі, блізкімі людзьмі, даверлівыя зносіны з бацькамі дапамагаюь навучыцца дакладна разумець, што такое добра, а што – дрэнна, значна лепш чым серыяльныя гісторыі.

 

Вельмі карысным для маладога чалавека з’яўляецца ўзбагачэнне жыцця цікавымі справамі. Колькі цікавых гурткоў, клубаў, секцый можна зараз наведваць! Яны не толькі пашыраць кругагляд, але і дапамогуць знайсці новых сяброў. Калі ў чалавека з’яўляецца шмат розных інтарэсаў, то яму ўжо не да серыялаў. Ён пачынае жыць уласным яскравым жыццём, а не прыдуманымі прыгодамі герояў серыялаў”.

 

Ці глядзіце серыялы вы? Якія і як часта? Навошта? Выказвайцеся ў апытанцы ніжэй і разгорнута – у каментарах!