“Курорт” пад Каробчыцамі: як мы каталіся з горак за тыдзень да тэставага запуску

|

Паехаць на гарналыжны доўгабуд, які ніяк не адчыніцца, было поўнай авантурай. На пляцоўку, да горкі, не пускалі, ды і мароз у той дзень быў – мінус 15. Але, з надзеяй знайсці дзірку ў плоце, прыязджаем на месца. Пакінўшы машыну крышку воддаль, падыходзім да пляцоўкі. Каля адміністрацыйнага будынку, які толькі і паспелі пабудаваць, ходзіць і пасміхецца ахоўнік, паглядваючы ў наш бок. Ідзем да яго: а раптам возьмем сваёй жаночай чароўнасцю?

 

У ахоўніка Аляксандра быў цудоўны настрой. “Былі б у вас лыжы, я б вас пусціў пакатацца”, – пасміхаючыся кажа ён. Але мы не адступаем. “Ну ладна, ідзіце, пагуляйце, калі замерзнеце – прыходзьце ў будынак грэцца, – не выстаяў пад напорам Аляксандар. – Я тут дваіх чалавек ужо прапусціў, ім прапанавалі горку абкатаць. Сёння кіраўніцтва прыязджала і дазволіла людзей пускаць са сваімі лыжамі і санкамі”.

Пераступаем запаветную брамку і шагаем да горкі. Бачым – сапраўды, па горцы спрабуюць катацца два мужчыны. Ключавое слова – спрабуюць, бо нераз’езджаная горка амаль не слізгае. Прыстаем да іх: “Дайце на лыжах пакатацца, га?” Шакаваныя мужчыны пагадзіліся.

Ідзем разам наверх. “Сёння ўсю раніцу трактар утрамбоўваў снег. Я праходзіў побач, а мне кажуць – хочаце выпрабаваць горку? Я за лыжы і – наперад!” – расказвае адзін з лыжнікаў Вадзім. Сапраўды, гэта трэба мець шчасце – аказацца ў патрэбны час у патрэбным месцы.

Асаблівага досведу катання на лыжах ні ў каго з нас не было. Воля мужна стала на лыжы, першы раз у сваім жыцці. Праехала з горкі, праўда, метры два-тры, пасля было элегантнае падзенне. З боку, напэўна, карціна выглядала пацешна: на снезе ляжыць дзяўчына, побач дзве фатаграфуюць яе на лічбавік і тэлефон, а недалёка стаяць і смяюцца два мужчыны. Карціна маслам!

Не менш шэдэўральным было пакарэнне вяршыні. Снегу ў некаторых месцах – па калена, пад’ёмнікі яшчэ не працавалі, але гарадзенак гэта не можа спыніць! Наверсе адкрыўся прыгожы від. Але хоць на склонах было мора снегу, на самой вяршыне – замёрзлыя праплешыны з бруду. Недапрацовачка.

Удосталь налазіўшыся па каробчыцкім халмам і прамёрзшы – вяртаемся назад. На зворотным шляху бачым – да комплексу бягуць хлопчыкі са сноўбордамі, ідуць дарослыя з дзецьмі і санкамі. Слых пра тое, што можна “на халяву” пакатацца на “курорце”, маментальна абляцеў усе Каробчыцы. “Курортам” гэтыя тры холмікі назваць вельмі складана, але мясцовым жыхарам і гэта за радасць, асабліва дзецям. Калі ж комплекс афіцыйна адкрыюць – ніхто не ведае. “У нас усё як заўсёды”, – сказаў адзін з лыжнікаў Андрэй.

 

Сагрэўшыся гарачай гарбатай з тэрмасу і аднавіўшы сілы бутэрбродамі, з пачуццём перамогі ад’язджаем на Гродна. Авантура ўдалася, будзе што ўзгадаць у зімовыя вечары.

 

Калі параўнаць наш неафіцыйны тэст лыжных трас і ўражанні гарадзенцаў, якія наведалі “курорт” 1-2 лютага, дык ацэнкі выходзяць не на карысць афіцыйнага тэставага запуска. Справа ў надвор’і: 1 і 2 лютага моцны вецер здзмуваў снег з горак і не даваў магчымасці камфортна катацца. Паверхня схілу таксама была не вельмі добра выраўнаная, снег перамешваўся перыядычна з ільдом ці зямлёй. Таксама гарадзенцы ў інтэрнэце адзначалі, што музычнае суправаджэнне ў выглядзе хітоў Надзеі Кадышавай – не самы лепшы выбар.

 

Пабудаваць пад Гродна гарналыжны комплекс хацелі яшчэ ў 2006 годзе пры тагачасным старшыні гродзенскага аблвыканкама Саўчанку. Былі нават распрацаваны два буйныя інвестыцыйныя праекты, сярод якіх – гарналыжны комплекс у раёне Аўгустоўскага канала, каля Сапоцкіна. Але праект застаўся толькі на паперы.

 

Змянілася ўлада. Новы кіраўнік вобласці Сямён Шапіра распачаў будаўніцтва горналыжнай мары, але чамусьці гатовы праект будаўніцтва на аўгустоўскім канале быў пакладзены ў стол, а новае месца выбралі пад Каробчыцамі. Месца раўніннае, ні ўзгорка, ні ўзвышша, але затое пад бокам “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”, які належыць мясакамбінату. Катайцеся на лыжах ды жуйце каўбасу.

 

Ужо год будуецца гэты шматпакутны комплекс, які павінен быў адчыніцца яшчэ ў снежні мінулага года. З пераездам Шапіры на новае месца працы ў Мінск працы на пляцоўцы значна запаволіліся. На той момант, калі туды наведаліся мы, гатовыя былі толькі стаянка, адміністрацыйны будынак, насыпана горка ды пратэставаны снегавыя пушкі. Праз тыдзень, на першым афіцыйным тэставым запуску, ужо працавалі пад’ёмнікі і пункт харчавання, але пракату не было.

 

Побач з пляцоўкай пад горналыжны комплекс – пустыр, адведзены пад музей тэхнікі пад адкрытым небам. Ідэя таксама належыць Шапіры, нават “усім светам” экспанаты для музея сабралі: стогадовыя трактары, савецкія аўтобусы і тралейбусы, халадзільнікі 60-х, саломарэзкі, паўтаратонкі 1933, сеялкі  і г.д. Экспанаты ёсць, а вось музея да гэтай пары няма. Бязгаспадарныя 22 гектары зямлі чакаюць свайго часу. Цікава, калі так успалашыліся з адкрыццём комплексу ў тэставым рэжыме, можа, хутка і музей адкрыюць?