“Твой стыль” праверыў, як ходзіцца пешкі ў Польшчу
Ад Гродна да пункту пропуску ў Брузгах можна хутка дабрацца сваім транспартам ці паспрабаваць шчасця і папрасіць падвезці бліжэй мяжы кіроўцу маршруткі, што едзе ў вёску Брузгі. Спрактыкаваныя кажуць, што ёсць адмысловыя маршруткі да самога КПП, але мы не правяралі.
Калі ехаць сваім аўто, важна не прапусціць знак, які тлумачыць, як патрапіць на стаянку – заехаць на яе ля самога ўезду ў пункт пропуску немагчыма, там праезд закрыты і прыйдзецца вяртацца. Перад паваротам на Індуру і Ваўкавыск стаіць знак, які паказвае, што паварочваць трэба акурат туды, налева, а потым адзін раз управа (глядзі схему ніжэй).
Калі мы прыехалі на стаянку, дык знайшлі там толькі адно вольнае месца. Паверхня стаянкі – проста замерзлая брудная зямля, вельмі няроўная, з ямамі і буграмі. Ёсць знак, што паркоўка платная, але гэта хіба датычыць другой яе часткі, закрытай, магчыма для фураў. Адразу на стаянцы ёсць нейкія дробныя крамы. Пакінуўшы машыну, за дзве хвіліны можна дайсці да шлагбаўма, дзе даюць карткі, з якімі праходзіш мяжу.
Яшчэ пару хвілін – і мы на зялёным канале, дзе акурат ёсць акенца, куды не стаіць чарга аўтамабілістаў. Таму пашпартны кантроль праходзім вельмі хутка – і мы ўжо вольныя.
Фармальнасці занялі не больш за пяць хвілін, гэта разам з дарогай ад машыны. Цяпер – доўгі шлях пешкі да польскага боку. Па дарозе можна зайсці ў duty free – працуюць дзве з колішніх трох крамаў – але нам тое не цікава, тым больш пакупкі там не такія ўжо танныя.
Для эксперыменту мы абралі самы халодны дзень мінулага тыдня – чацвер, таму дарога ад беларускага пашпартнага кантролю да выхаду на польскі бок, якая заняла нам каля 10 хвілін, была выпрабаваннем. Ужо марыліся цёплыя запеканка і кава ў кругласуткавым бары-кантары на вакзале ў Кузніцы.
Мы ішлі па левым баку дарогі і перад польскім шлагбаўмам некалькі фур загарадзіла нам знак уваходу ў пешую зону, які знаходзіцца справа. Мы разгублена падыйшлі да памежніка, што прапускае машыны. “Першы раз пехатой?” – спытаўся ён і паказаў калітку справа. Па вузкім калідоры, якія ўтвараюць два металічныя плоты злева і справа, за хвіліну дабіраемся да будынка з надпісам “Kontrola graniczna ruchu pieszego”, дзе адбываецца пашпартны і мытны кантроль.
Нас абслугоўваюць хутка і культурна, але галоўнае – што ёсць хвілінка, каб пабыць у цеплыні. За намі нікога няма – перад намі, адарваўшыся ўжо даволі далёка – спяшаюцца кудысці дзве жанчыны. Магчыма, у сувязі з вялікім марозам, пешых “турыстаў” няшмат. Ці то справа ў часе – мы выбраліся ў Польшчу ў працоўны дзень, каля 17 гадзін па беларускім часе.
Пасля кантролю нас чакае доўгі шлях пешкіх па перыметры вакол усяго пункта пропуску ў Кузніцы. Там мы не сустракаем ніводнага жывога чалавека, а толькі шмат-шмат камер відэаназірання.
Прайшоўшы па Кузніцы да вакзала і назад, сустракаем трошку беларусаў. Асабліва шмат іх у краме Biedronka, што пабудавана ля самой мяжы, адмыслова для беларусаў.
Нам здавалася, што арганізацыя пешага руху з польскага боку – больш камфортная і цывілізаваная, чым з беларускага, але хапае тых, каму не падабаецца аддзеленасць ад аўтамабільнага руху. “Чаўнакі”, якіх мы сустрэлі, наракалі, што ідучы асобна ад аўтамабіляў яны прыцягваюць да сябе зашмат увагі.
Агулам прайсці мяжу ў адзін бок нам заняло каля паўгадзіны, прыкладна столькі ж – у адваротны. Польскую мяжу, вяртаючыся назад, праходзім хутчэй з-за не зусім сіметрычнай тэрыторыі (глядзі мапу ніжэй: чырвоны колер – шлях у бок Польшчы, сіні – у бок Беларусі).
На беларускім баку прыходзіцца крыху пачакаць у чарзе на пашпартны кантроль, бо ля акенца сабралася група кіроўцаў машын. Мытны кантроль чыста намінальны – у торбы з пакупкамі ніхто не заглядваў.
Дабраўшыся да пакінутай на стаянцы машыны, падбіраем двух пешаходаў, такіх жа, якімі мы былі на самой мяжы. Яны дзякуюць, спрабуюць заплаціць па адныў еўра за дапамогу і скардзяцца, што нават у лютыя маразы беларусы не вельмі ахвотна бяруць давезці іх да горада.
Гарадзенцы чакалі адкрыцця пешага руху з польскага боку доўга. Па беларускім пункце пропуску і раней можна было перасоўвацца пешкі, але, каб патрапіць у Польшчу, усё роўна трэба было падсесці да кагосці перад польскім шлагбаўмам. Цяпер тыя, каму па розных справах трэба патрапіць у Кузніцу, Беласток, ці яшчэ далей, могуць быць крыху больш незалежнымі ад раскладаў руху цягнікоў ды маршрутак, а таксама зэканоміць грошы. Няма сумневу, што ў цёплы перыяд, летам, у Брузгах-Кузніцы ўтворацца новыя чэргі – з пешаходаў.