Сталыя гарадзенцы засвойваюць акторскае майстэрства

Секцыя акторскага майстэрства была створаная ў кастрычніку мінулага года на базе праграмы “Універсітэт Залатога Веку”.

 

За кароткі час сталыя людзі, якія наведваюць яе, ужо дасягнулі заўважных поспехаў. Яны імправізуюць, вучаць вялізныя тэксты, рыхтуюць для сябе касцюмы, авалодваюць майстэрствам тэатральнага грыму і, галоўнае, іграюць на сцэне пад кіраўніцтвам свайго таленавітага настаўніка Васіля Калача (на здымку).

 

Васіль скончыў беларускую акадэмію мастацтваў, займаецца акторскім майстэрствам (у прыватнасці – пантамімай) і сцэнічным фехтаваннем.

 

Пяць год працаваў у гарадзенскім драматычным тэатры акторам, затым выкладаў у школе, з’яўляецца аўтарам акторскай праграмы па сцэнічнаму руху для вучняў усіх узростаў.

 

Васіль – чалавек з асаблівай жыццёвай пазіцыяй.

 

– Мая праца (акторскае майстэрства) і ёсць маё прызначэнне. І я павінен заўсёды развівацца у гэтым напрамку– кажа ён.

 

Разам са сваёй будучай жонкай Аляксандрай Ягоравай Васіль спецыяльна для сваіх сталых вучняў напісалі пастаноўку пад назвай “Баль спакусаў”.

 

Першымі гледачамі спектаклю-дэбюту для сталых актораў стала Калядная вечарына “Універсітэту Залатога Веку”, якая адбылася ў канцы снежня мінулага года.

 

Заняткі секцыі зараз наведваюць 9 чалавек.

 

– Узаемаадносіны паміж мной і ўдзельнікамі секцыі складваюца цудоўна! – кажа Васіль.


– Мне выпаў шанец працаваць з людзьмі, якія маюць каласальны эмацыянальны і жыццёвы досвед. У сваім узросце яны ўмеюць слухаць і чуць.


У гэтым плане з імі значна лягчэй працаваць, чым з моладдзю. Па-першае, яны прыйшлі сюды па ўласным жаданні, а па-другое – яны заўсёды імкнуцца спасцігаць нешта новае і я стараюся дапамагчы ім у гэтым.

 

– Што Вам даюць заняткі са сталымі людзьмі?

 

– З дапамогай маіх вучняў я развіваю у сабе пазітыўны рэалізм. Што гэта значыць? Я гляжу на людзей, якія насуперак усім цяжкасцям знаходзяць у сабе сілы.

 

Іх жаданне развівацца, шукаць нешта новае, вельмі вялікае. Яны зараджаюць мяне гэтым.

 

Насамрэч, у нас у грамадстве існуюць свае стэрэатыпы. Многія лічаць, што калі чалавек сталы, то яму ўжо і нічога не “свеціць”. А як жа тут не “свеціць”, калі вочы гараць?!

 

І няхай у нас пакуль што была толькі адна пастаноўка, але яны ўклалі ў яе сваю душу.

 

Я бачыў, з чаго усё пачыналася, і што было “на выхадзе”. Гэта вялікі прагрэс!

 

– Што даюць чалавеку заняткі акторскім майстэрствам?

 

– Самае галоўнае – гэта псіхааналіз. Актору не патрэбен псіхааналітык. Ён можа без цяжкасцяў прааналізаваць сам сябе. У кожнага актора вялікі багаж тых роляў, якія былі ў яго жыцці, розных мадэляў паводзін. І, самае галоўнае, гэта акуратнасць. Калі ігра скончылася, трэба “ачысціць галаву” ад дадзенай ролі.

 

На самой справе шмат людзей проста хаваюць у сабе свае здольнасці. Я дапамагаю сваім вучням знайсці нешта новае ў іх жа саміх. Яны маюць вялікі багаж ведаў і эмоцый, які мы разам “дастаем” на паверхню. Канешне, гэты багаж можа быць як пазітыўны, так і негатыўны. Але актор прымушаны заўсёды апірацца на свой досвед.Таму мая задача – дапамагчы маім вучням выкарыстоўваць свае пачуцці толькі на карысць ім самім.

 

А вось што думаюць пра заняткі акторскага майстэрства самі сталыя акторы:

 

Людміла Баянава (на здымку ў цэнтры):

– Я са школьных гадоў любіла іграць, любіла сцэну, таму гэта для мяне вельмі цікава. Мне заўсёды казалі, што у мяне ёсць акторскі талент. Тут у мяне з’явілася магчымасць быць заўсёды рознай, пераўвасабляцца, імправізаваць. Я змагла ажыццявіць сваю мару – іграць на сцэне.

 

Гэта па-першае, а па другое – нам вельмі пашанцавала з нашым выкладчыкам. Гэта таленавіты, прыгожы, дэлікатны чалавек, які вучыць нас адкрывацца з розных бакоў.

 

Ганна-Галіна Гапоненка (на здымку ніжэй):

 

– Я ужо не першы раз сустракаюся са сцэнай, раней у якасці харысткі, зараз у якасці актора. Першая мая роля была у нашым спектаклі “Баль спакусаў”. Я, нягледзячы на абставіны са здароўем, вывучыла вялікі тэкст, зрабіла сабе адпаведны касцюм і паспяхова сыграла сваю ролю.

 

Наш выкладчык ставіцца да нас з вялікай пяшчотай. Дапамагае нам імправізаваць, пераўвасабляцца. Мы не адчуваем аніякага ціску з яго боку. Таксама мне вельмі падабаецца наш невялікі калектыў. Усе вельмі актыўныя, заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць.

 

Лілія Грыгарук (на здымку ніжэй):

 

– Вось і адбылося ажыццяўленне маёй мары… Я заўсёды ведала, што ўва мяне закладзены талент актора. Але ніколі не атрымлівалася ўзбагаціць свой узровень у гэтым напрамку.

 

Я хачу выказаць падзяку нашаму выкладчыку, які ні на адзін момант не даў нам магчымасці ўспомніць свой сапраўдны ўзрост. Ён вучыць нас адчуваць сябе вольнымі, атрымліваць здавальненне ад ігры. На першых занятках мы вучыліся “уваходзіць у сябе”, абстрагавацца ад непатрэбнага, слухаць гукі.

 

Зараз задачы сталі больш складанымі. Напрыклад, трэба самастойна сыграць урывак з якой-небудзь п’есы. Я вельмі задаволена, што маю магчымасць займацца у гэтай секцыі і стараюся не прапускаць аніводнага занятку.

 

Зараз навучэнцы “Універсітэту Залатога Веку” рыхтуюць яшчэ два спектаклі, назва якіх пакуль застаецца для ўсіх інтрыгай. Новыя пастаноўкі плануецца паказаць ужо гэтай вясной.

 

Фота Міхаэля Шыдэра