“Гараджанкі”. Наталля Дораш прадставіць выставу, прысвечаную гарадзенскім жанчынам

|

Выстава адкрыецца 7 лютага ў 18.00.

 

40 чорна-белых здымкаў зробленыя на вуліцах Гродна, у крамах, аўтобусах, паліклініках…

 

Наталля Дораш:

Мне хацелася паказаць, якія ў нас цудоўныя жанчыны. Я не ганялася адмыслова за прыгажунямі, лавіла сюжэты з жыцця, але ўсе, хто бачыць гэтыя здымкі, звяртаюць увагу на прыгажосць гарадзенскіх жанчын.

Многія з гераінь пагаджаліся пазіраваць, але ёсць і сітуацыі, якія атрымалася падгледзіць цішком.

Гэтыя здымкі – частка вялікага праекта. 3 гады я фатаграфавала жыхароў Гродна ў грамадскіх месцах – мужчын, жанчын, дзяцей, старых. Маю 120 фотаздымкаў, але для выставы, улічваючы памеры памяшкання, адабрала толькі 40 жаночых.

 

Наталля Дораш спадзяецца, што сярод наведнікаў знойдуцца тыя, хто пазнае сябе на фотаздымках. Гераіням здымкаў фотамастачка абяцае даслаць копіі фатаграфій.

 

“Гараджанкі” – трэцяя персанальная выстава Наталлі Дораш, якая займаецца фатаграфіяй больш за 40 гадоў, сябра народнага фотаклуба “Гродна”. Здымкі з серыі “Паляшукі” экспанаваліся ў Гродзенскай выставачнай зале ў кастрычніку 2013 года.

 

Матэрыялы да выставы “Жыхары Гродна” таксама падрыхтаваныя, аднак тэхнічна арганізаваць экспазіцыю такога аб’ёму фотамастачка пакуль не мае магчымасці.