Бангладэш, Бразілія альбо… “Дзеншчыкова”?

|

З розных прачын, не толькі патрыятычных, я выбіраю беларускія яблыкі. Вось і зараз, зайшоўшы ў “Белмаркет” на Дамброўскага, мая рука пацягнулася менавіта да іх – гатунак “Айдарэд”, РБ. Яблыкі – смачныя, танныя і даволі сімпатычныя. Толькі дома я ўбачыла на цэнніку і чэку, што яны апынуліся “ўласным імпартам” Белмаркета. Як гэта?

“РБ”, але адначасова “імпарт” – што ж гэта за рэспубліка такая на Б? Усяго на гэту літару ў свеце налічваецца 19 краін, але не ўсе яны – рэспублікі. Напрыклад, Бахрэйн, Бельгія, Бутан – каралеўствы, Багамскія астравы, Беліз і Барбадос – незалежныя дзяржавы ў складзе Брытанскай Садружнасці, Брунэй – спадчынная абсалютная тэакратычная манархія… Падыходзяць толькі Бангладэш, Бенін, Балгарыя, Балівія, Батсвана, Бразілія, Буркіна-Фасо ды Бурундзі. І толькі Бразілія з гэтых краін уваходзіць у топ-50 вытворцаў яблык, але відаць яны б не каштавалі так танна, каб прыплылі з Паўднёвай Амерыкі – усяго 8400 беларускіх рублёў. Можа Балгарыя? Магчыма, але не факт.

 

На цэнніку, пры гэтым, чорным па белым напісана: Страна изготовитель: Деньщикова”? Калі б яблык не быў імпартным, я б падумала пра вядомы калгас, аднак цяжка паверыць, што такі калгас ёсць у вышэйзгаданых краінах! “Деньщикова” – імя ўласнае, напісанае на цэнніку з вялікай літары па-расейску: населены пункт альбо прозвішча. Хутчэй за ўсё – прозвішча, прычым падобнае на славянскае. Можа якая эмігрантка на чужыне яблыкі вырошчвае?..

 

Жарты жартамі, але насамрэч крама парушае мае правы як спажыўца на інфармацыю аб таварах, а таксама аб іх вытворцах – артыкул 5, пункт 1.2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года № 90-З “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Бо, нават прыклаўшы школьныя веды па палітычнай і эканамічнай геаграфіі, я так і не здолела разгадаць гэты рэбус.

 

Здымкі аўтаркі