Амаль два мільёны штрафу за перадвыбарчы пікет

З нагоды пікета, які адбыўся 8 лютага, сёння зранку для дачы сведчанняў былі выкліканыя ў Ленінскі РАУС чацвёра сябраў АГП, тры з якіх вылучаюцца кандыдатамі на мясцовыя выбары: Руслан Кулевіч, Аляксандра Васілевіч, Ірына Давідовіч (Іўе), ды адзін – прадстаўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты – Ежы Грыгенча.

 

Тут жа ў актавай зале адбыўся суд. Тры ўдзельнікі пікету, паводле арт. 23.34 Адміністратыўнага кодэксу РБ, атрымалі штраф у памеры 15 базавых велічыняў (1 950 000 руб.), а Ірына Давідовіч – 10 базавых (1 300 000 руб.). Актывістаў судзіла суддзя Пятрова, у якасці сведкаў выступалі маёр міліцыі Скок ды намесніца старшыні гарадской выбарчай камісіі Вішнеўская.

 

Супрацоўнікі міліцыі ўбачылі парушэнне не ў самім факце перадвыбарчага пікету, а ў агітацыі за адмену падатку на аўто, якая ажыццяўлялася пікетоўцамі.

Яшчэ адзін удзельнік пікету, старшыня АГП Анатоль Лябудзька (на фота) паведаміў, што да яго прадстаўнікі МУС пакуль не звярталіся:


“Калі б была позва – я бы прыехаў, бо паважаю заканадаўчыя працэдуры. Папярэдне падобная сітуацыя з нашым пікетам назіралася ў Берасці.”

 

Палітык лічыць, што падобны ціск уладаў звязаны з пасланнем АГП выбарцам:


“Мы не заклікаем людзей галасаваць, тым жа, каго заганяюць на выбарчыя ўчасткі, прапаноўваем напісаць на бюлетэнях “Патрабуем свабодных выбараў”, сфатаграфаваць і выкласці ў сеціва. Пакуль выбары не будуць свабоднымі – нічога не зменіцца”.

 

Агулам актывісты правялі ў пастарунку ажно восем гадзін, даючы тлумачэнні, чакаючы пратаколаў, а пасля суддзю. Пікетоўцы нязгодныя з рашэннем суду і збіраюцца яго абскарджваць.