Go з намі, альбо Як адчуваць сябе замежным турыстам у Гродне
Харвацкую мову наўрад ці ведае хто-небудзь з гарадзенцаў, таму «турысткі», у якіх ніхто так і не разгледзеў беларускіх журналістаў, размаўлялі па-англійску. Планы ў нас былі звычайныя – убачыць славутасці Гродна, паабедаць, знайсці wi-fi, спыніцца на ноч ды выехаць у Польшчу.
1 прыпынак. Чыгуначны вакзал
Арыентавацца ў прасторы вакзала дапамагаюць шыльдачкі на англійскай мове – “Касы”, “Зала чакання”, “Прыбіральня”. Але расклад на вакзале напісаны толькі па-руску, таму мы звярнуліся ў вакенца з надпісам “Даведка/ Reference”. На пытанне па-англійску, як можна даехаць з Гродна да Варшавы, супрацоўніца вінавата заўсміхалася, закруціла галавой і вымавіла па-нямецку “nein”. Было відаць, што жанчына хацела б дапамагчы, але… Ніхто не паклікаў супрацоўніка, які б ведаў англійскую мову. Можна зрабіць выснову, што або ў даведку турысты ніколі не звяртаюцца на “экзатычных” мовах, або такога мовазнаўцы на вакзале не існуе.
Адклаўшы пытанне з выездам з Беларусі, мы вырашылі скарыстацца прыбіральняй. Кошт – 2500 рублёў, як і на аўтавакзале. Для параўнання: візіт у мінскі прывакзальны WC каштуе 850 рублёў. Шмат незанятых кабінак, чыста, даволі прасторна. Кабінкі зачыняюцца без праблем. На сцяне крук для рэчаў, але расхістаны – павесіць на яго сваю торбу не наважылася.
На выхадзе – чатыры рукамыйніцы, на трох з іх ёсць кранікі і выявы, як карыстацца: паднесці рукі і чакаць. Але функцыянуе толькі адзін – пасля таго, як яго адкруціш. Побач стаяць вялікія вагі. Станаўлюся на іх, але вагі нічога не паказваюць. Перад люстэркам прыводзім сябе ў парадак. Вось мы і гатовыя да экскурсіі па горадзе. Але ж куды ісці?
2 прыпынак. Iнфармацыйна-турыстычны цэнтр
Непадалёк ад вакзала размясціўся інфармацыйна-турыстычны цэнтр. На ўваходзе шыльда паведамляла, у тым ліку і па-англійску, што гэта за месца. Пасля звароту да кансультанта сітуацыя паўтарылася. Жанчына, да якой мы звярнуліся, разгубілася: яна сказала па-руску калегам, што нічога не разумее, а з намі не ведала, як камунікаваць. Жэстамі паказала, што можна прысесці і пачакаць, але блыталася ў словах – па першых гуках так і не вымаўленых слоў можна было здагадвацца, што ў галаву ёй прыходзяць усе замежныя мовы, якія ведала – магчыма, польская ці ўкраінская.
На дапамогу кансультанту прышла яе калега, якая амаль цалкам зразумела, чаго мы хочам: што мы турысты і просім падказкі, што варта наведаць у горадзе. Для пэўнасці яна патэлефанавала асобе, якая ведала англійскую мову вельмі добра. А тая ўжо дакладна высветліла, што нам неабходна. Нам падаравалі некалькі якасных кніжных гідаў па горадзе на англійскай мове і мапу на рускай. Дарэчы, цэнтр быў адзіным месцам, дзе паспрабавалі зразумець, адкуль мы.
3 прыпынак. Вуліца Ажэшкі
З гідамі ды мапай выйшлі на вуліцу, але зразумець, дзе знаходзімся, не змаглі. На дапамогу прыйшлі… турысты з Мінску. Яны паказалі на мапе месца нашага знаходжання. Маладыя людзі тлумачылі асобнымі англійскімі словамі і дапамагалі з ахвотай.
Тры студэнты з універсітэту імя Янкі Купалы пачасалі галовы, пачуўшы знаёмыя гукі, ды выставілі наперад дзяўчыну: “Ты добра вучышся, ты і размаўляй!” Аднак размова вялася пераважна на мігах. Маладыя людзі зразумелі, што мы хочам пабачыць Каложу, і нават змянілі свае планы ў суботні дзень ды вырашылі нас правесці да царквы. Запрасілі яны нас жэстам і словамі “go з намі”. Мы для нічога не разумеючых па-руску на дзіва хутка пагадзіліся пайсці разам. Цяжка было хаваць смех, чуючы каментарыі студэнтаў: “Правядзем іх да Траецкай, а там яны самі праз мосцік пераваляцца”.
Увесь шлях мы ішлі асобна – студэнты наперадзе, мы з сяброўкай непадалёк за імі. Універсітэцкія сябры не паспрабавалі завесці гутарку, хоць, відаць, не кожны дзень ім здараецца сустракаць замежных турыстаў. Ці ім было нецікава, ці боязна, што не змогуць дамовіцца нават на мігах, але ніводнага пытання – нават адкуль мы, яны не задалі. Цікавы і шлях, які абралі. Яны павялі нас праз Вялікую Траецкую, хаця да Каложы можна было б прайсці і праз галоўную вуліцу горада – Савецкую. Студэнтам хіба нават не прыйшла думка, што турыстам было б цікава і яшчэ штосьці паглядзець па дарозе. Аб Каложы мы запыталі, бо яна была першым пунктам у нашым гідзе.
Развітваючыся каля мосціка, што вядзе да Каложскага парку, студэнтка на добрай англійскай растлумачыла, як дайсці да мэты.
У кавярні “Семафор” нас зразумелі і адразу прынеслі меню на англійскай мове, жэстамі прапаноўваючы заняць месцы.
У “Каваманіі” мы запыталіся пра меню і ўбачылі разгубленыя вочы маладой афіцыянткі. Тады мы запыталіся пра другі сучасны “хлеб” – wi-fi. Гэта афіцыянтка зразумела, але інтэрнэту ў кавярні не было.
Каб шмат не хадзіць, яшчэ ў некалькі кавярняў мы патэлефанавалі. У чатырох месцах толькі на першае пытанне “Ці вы размаўляеце па-англійску?” адказалі “не” ці “no” ды цішынёй на спробы працягнуць размову. А вось у “Піцы & каве” камунікабельны хлопец пацвердзіў, што вегетарыянскае меню і wi-fi ёсць, запрапанаваў завітаць на іх сайт ды замовіць сабе адну з 15 піцаў. “No problem!” — пачулася на развітанне ў адказ на падзяку.
5 прыпынак. Вуліца Будзёнага
Колькі чалавек нас зразумее і дапаможа на вуліцы? Мы вярнуліся на вуліцу Будзёнага і запыталіся ў дзесяці чалавек, як дайсці да аўтавакзала. Мы наўмысна звярталіся да людзей нестарых, бо пажылыя малаверагодна, каб вучылі замежныя мовы. Дзве асобы з дзесяці нам паказалі і расказалі на ненайгоршай англійскай, як прайсці, адзін з іх быў не гарадзенцам. Рэшта падзялілася – адны шчыра спрабавалі зразумець, хаця размаўлялі па-руску, і было відаць, што разумелі толькі жэсты. Прасілі нас яшчэ раз паўтарыць сваё пытанне ці паказаць знакамі ды перапрашалі, што ў школе не вучылі замежную мову. А другая палова нават не спрабавала выратаваць турыстаў, коратка адказваючы, што яны не разумеюць, ды ішлі далей. Адзін мужчына дык увогуле сказаў, што “ў яго ўжо ўсё ёсць”, – пэўна, вырашыў, што мы з нейкай секты і хочам запрапанаваць яму свае кнігі.
6 прыпынак. Аўтавакзал
У платную даведку аўтавакзала мы звярнуліся па тэлефоне са сваім старым пытаннем аб раскладзе аўтобусаў да Варшавы. Кансультант паведаміла, што не разумее, і папрасіла размаўляць па-руску. Пасля паўторнага кароткага пытання яна запыталася аб маршруце паездкі. На дапамогу не прыйшоў хтосьці з калегаў, дамовіцца не атрымалася.
7 прыпынак. Гатэлі
Ці ведаюць замежную мову ў гатэлях, дзе спыняюцца замежныя турысты? У “Беларусі” дзяўчына запэўніла, што размаўляе па-англійску “very, very bad”, але зразумела, які пакой патрэбны. Паведаміла, што двухмесны “number” каштуе “two hundred”, і гатовая была яго забраніраваць. У “Гродне” нам па-руску адказалі, што нічога не разумеюць, а ў “Амезе” папрасілі ператэлефанаваць праз пяць хвілін… таксама па-руску.
8 прыпынак. Таксоўка
Як адрэагуе на турыстку таксіст і які кошт назаве, пачуўшы замежную мову? “Не наша”, – зрабіў для сябе выснову вадзіцель пасля першых маіх слоў. Напісаў на картцы, у якую суму абыйдзецца шлях да патрэбнага адрасу, – 60 тысяч рублёў ды пагадзіўся завезці ў банк памяняць грошы. Дыспетчар той жа службы таксі назваў суму за такі ж кіламетраж, на 10 тысяч меншую.
Дарэчы
На што можа разлічваць турыст, які прыязджае ў Гродна ноччу, позна ўвечары ці вельмі рана? Найбліжэйшы да вакзалаў пункт для перакусу, які працуе круглыя суткі, — кавярня “Калабкі”, дзе прапануюць бліны і каву. Турыст таксама можа сагрэцца ў бары “Лондан” на вуліцы Віленскай да 4 раніцы. Зранку падсілкавацца найбольш верагодна застаўшыміся з дарогі канапкамі. Гродзенскія кавярні пачынаюць працаваць не раней за 9 гадзін. Застаецца яшчэ харчовая крама каля аўтавакзала, якая пачынае працу з 7.00.
Памяняць грошы няпроста. Кругласутачны абменнік на чыгуначным вакзале пакуль не працуе, але, верагодна, ў гэтым годзе ён адчыніцца. Найпазней працуе абменны пункт ў гатэлі “Турыст” — да 21.30. Калі хтосьці жадае абмяняць валюту зранку, то прыйдзецца пачакаць да паловы дзявятай — тады адчыніцца пункт абмену ва ўніверсаме “Брэст”.
Дзе знайсці бясплатны інтэрнэт у цэнтры Гродна? Wi-fi няма на гарадзенскіх вакзалах. У цэнтры мы яго знайшлі ў чатырох месцах — кавярні “Палітра” на вуліцы Маладзёжнай, бары “Віленскі” на вуліцы Віленскай, бары “Куба” на вуліцы Калючынскай, кавярні “Піца & кава” на вуліцы Кірава, антыкавярні “Жывы час”.
Крыніца: vgr.by