Вітаўт і Міхаліна. У Дзень роднай мовы беларускамоўныя гарадзенцы распавялі пра імёны сваіх дзяцей
Дзяніс і Ірына з сынам Вітаўтам
Вітаўт
На думку Дзяніса і Іры Жыгавец, імя – гэта соеасаблівы індыфікацыйны код, дзе імя ўплывае на фарміраванне і станаўленне асобы.
“Галоўны аргумент сваякоў, якія спрабавалі паўдзельнічаць у нарачэнні нашага сына – як карабель назавеш, так і паплыве. Пры княжанні Вялікага князя Вітаўта, наша дзяржава ВКЛ, а мы менавіта так лічым, дасягнула найвялікшага росквіту”, – тлумачыць Дзяніс.
Міхаліна
Інга і Аляксандр Мармыш абіралі імя для дачкі толькі па адзіным крытэрыі – беларускае і рэдкае.
Інга з Міхалінай
“Неяк я трапіла на спіс беларускіх імёнаў і сярод усіх там прапанаваных мне спадабалася Міхаліна. Гэтае імя падабалася толькі мне, таму мы вырашылі пашукаць яшчэ нейкія варыянты. Дзесьці ў сярэдзіне цяжарнасці я паехала ў Польшчу, дзе сустрэла дзяўчыну Міхаліну, пазней перачытала раман майго любімага пісьменніка Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” і звярнула ўвагу, што каханую дзяўчыну галоўнага героя таксама завуць Міхаліна. Тады я вырашыла, што, як кажуць, зоркі сышліся, і трэба называць дачушку так”, – распавядае Інга.
Тамаш і Яраш
Ірына і Вадзім Саранчуковы выбіралі імёны дзецям тыя, што прыходзілі ў галаву, калі яны ўбачылі навароджанага сына.
“Тамаш і Яраш па гучанні адпавядалі ўнутранаму адчуванню і настрою. Нават у ЗАГСе прыйшлося за іх пазмагацца, таму што ў іх картатэках такіх імёнаў не было”, – гаворыць Вадзім.
Наталля і Францішак. Фота: Вольга Гарчычка
Францішак
Наталля і Валер Кісель выбіралі імя для свайго дзіцяці па некалькіх крытэрыях.
“Па-першае, імя павінна быць не проста славянскім, а мясцовым, і каб яго насілі вядомыя беларускія дзеячы. Па-другое, імя мусіць мець еўрапейскі аналаг. Па-трэцяе, каталіцкае. Таму выбар паў на Францішка. Галоўны касцёл горада носіць імя Францішка Ксаверыя, дзе мы і хрысцілі сына ў дзень святара”, – распавядае Наталля.
Напэўна, ў чытачоў партала таксама ёсць дзеці, якія носяць рэдкія беларускія імёны. Сваімі гісторыямі пра імёны дзяцей дзяліцеся ў каментарыях.
Фота з асабістага архіву герояў