Рэдкія пароды катоў можна ўбачыць на выставе ў Гродне

Карэспандэнты “Твайго Стылю” наведалі мерапрыемства, на якім знаходзіцца 100 жывёлаў з Беларусі і Расіі.

 

Найбольшая колькасць канкурсантаў прадстаўлена пародамі мэйн-кун, брытанскімі караткапоўсцевымі і данскімі сфінксамі.

 

Ёсць таксама тайскія, персідзкія каты, прадстаўнікі іншых пародаў. Сярод іх – прадстаўнік рэдкай пароды селкір крэкс, у якога кучаравая поўсць. Эксперт паведаміў, што сёння ва ўсёй Беларусі толькі некалькі такіх катоў.

 

Удзел у выставе для гаспадароў катоў каштуе 150 тыс. рублёў.

 

Кожны з катоў-канкурсантаў праходзіць спецыяльную экспертызу перад спаборніцтвамі (на здымку ніжэй).

 

Спаборніцтвы адбываюцца як сярод прадстаўнікоў адной пароды, так і сярод катоў рознай масці.

Пераможцы атрымаюць узнагароды ад арганізатараў у выглядзе кубкаў і харчавання “Royal Canin”.

 

Многія гаспадары прыехалі не толькі для удзелу ў спаборніцтвах, але і для таго, каб прадаць некаторых катоў. Так, канадскага сфінкса ва ўзросце 7 месяцаў можна набыць за 300 даляраў.

Таксама можна купіць адзенне і цацкі для сваіх любімых выхаванцаў.

 

Арганізацыя “Адданае Сэрца” у межах выставы збірае ахвяраванні і прапануе каталог з жывёламі, якія шукаюць свой дом.

 

Фатаграфаваць дазваляецца усім жадаючым, але гаспадары канкурсантаў гавораць, што здымаць трэба без успышкі: “Мая котка хвалюецца, калі яе слепяць”.

А вось каб дакрануцца да прыгожага ката, трэба спытаць дазволу у гаспадара.

 

Мерапрыемства праходзіць у “Доме навукі і тэхнікі”.

Паглядзець на катоў можна яшчэ заўтра з 10 да 18 гадзін. Кошт уваходу для дарослых складае 30 тыс., а для школьнікаў – 15 тыс. Дашкольнікам уваход бесплатны.

 

Фота аўтара і Лесі Руднік