Новая кніга ад “Гарадзенскай бібліятэкі”: гісторыя каралеўскага горада з правінцыйным лёсам
Унікальнае выданне паказалі журналістам 25 лютага. Тады ж кнігу ўпершыню змаглі патрымаць у руках і самі аўтары. Невялікую прэзентацыю рэдактар кнігі Алесь Смалянчук пачаў з таго, што паказаў савецкую кнігу па гісторыі Гродна 1964 года ды паўжартам-паўсур’ёзна сказаў, што аўтары захацелі “крыху актуалізаваць” тое выданне.
Кніга падзеленая на часткі: “X-XV стст. Горад рыцараў, дойлідаў і гандляроў”, “XV-XVIII стст. Каралеўскі горад пад магдэбургскім правам”, “Канец XVIII – пачатак ХХ ст. Горад супраць імперыі” ды “ХХ стагоддзе. Змаганне за горад”. Заканчвае кнігу тэкст “Горад як месца памяці Алеся Смаленчука.
Аўтары кнігі: Пшэмыслаў Баравік і Ян Ежы Мілеўскі з Беластока, Юры Гардзееў з Кракава, Аляксандр Ерашэвіч з Мінска, Аляксандр Краўцэвіч, Вольга Сабалеўская, Аляксандр Радзюк, Вячаслаў Швед, Аляксандр Смалянчук, Віктар Саяпін ды Андрэй Павач з Гродна. Андрэй Павач, па словах Смаленчука, гэта самая таямнічая ў гарадзенскім навуковым жыцці постаць. Пад гэтым псеўданімам выйшла адносна нядаўна “Чырвоная кніга Гродна” ды друкаваўся цыкл
Як лічыць рэдактар кнігі, Гродна, дзякуючы намаганням людзей, якія не маюць прывязкі да канкрэтных мясцовых інстытуцый, стаў унікальным горадам у гісторыі Беларусі ў плане даследаванняў мясцовай мінуўшчыны. “Настолькі грунтоўна, наколькі даследуецца Гродна, не даследуецца ніякі іншы беларускі горад, нават Мінск, хаця сталіца мае значна больш даследчыкаў, інстытуцый і магчымасцяў”.
Алесь Смалянчук лічыць, што гэты гарадзенскі феномен нарадзіўся не дзякуючы чыёйсці падтрымцы, але наадварот – насуперак. Ідэя “гараджанін супраць улады” і “гараджанін супраць імперыі”, па яго словах, выразна прасочваецца ў ХІХ і ХХ стагоддзях.
“Кніга не аб’ектыўная. Мы мелі канцэпцыю, імкнуліся паказаць галоўным героем гараджаніна, імкнуліся не прыватызаваць горад, не рабіць яго беларускім, рускім, польскім ці савецкім. У гэтай кнізе прысутнічае пытанне “Чый горад?”, але мы адказваем на яго не ў межах нацыянальнага дыскурсу. Мы паказваем гараджаніна, які, нават не ўсведамляючы, ствараў гісторыю гэтага горада”.
Менавіта таму ў кнігу патрапілі сюжэты, што раней не з’яўляліся: штодзённае жыццё і антрапалагічны погляд на гісторыю. Гэта таксама першая кніга па гісторыі Гродна, дзе, дзякуючы тэкстам Вольгі Сабалеўскай, на працягу ўсёй гісторыі горада прасочваецца гісторыя габрэйскага квартала.
Прадстаўнік “Гарадзенскай бібліятэкі” Павел Мажэйка кажа, што кніга, у адрозненні ад “Гродназнаўства”, разлічаная на больш падрыхтаванага чытача. Ідэя выдання такой сур’ёзнай працы па гісторыі горада, напісанай вядомымі гісторыкамі, ідзе праз усю гісторыю кніжнай серыі.
У кнігі магло б быць і больш аўтараў, але, памятаючы праблемы, якія прынес некаторым гісторыкам удзел у напісанні “Гродназнаўства”, стваральнікі кнігі паўстрымаліся ад далучэння да працы асоб, што працуюць у дзяржаўных установах.