У Брэсце забаранілі канцэрт гарадзенскага гурта Dzieciuki
Канцэрт гарадзенскага фолк-панк гурта меў адбыцца ў Брэсце 28 лютага ў клубе “Pub House”. Аднак за пару дзён да імпрэзы кіраўніцтва клубу паведаміла арганізатарам, што з імі звязваліся прадстаўнікі КДБ і патрабавалі адмены канцэрту. У якасці прычынаў сілавікі назвалі бел-чырвона-белыя сцягі ды выказванні са сцэны ў падтрымку Майдана на мінскім канцэрце 22 лютага.
На пытанне, ці не баяцца Dzieciuki далейшых забарон і зыходу ў андэграўнд, саліст гурта Аляксандр Дзянісаў адказаў:
“У нас уся краіна – андэграўнд. Чаго баяцца? А ў андэграўндзе сядзець асабіста мне не прызвычайвацца. Не так там і дрэнна. Менш “моднікаў” будзе прыходзіць на падпольныя канцэрты (смяецца).”
Нагадаем, 22 лютага ў мінскім клубе Re:Public адбылася феерычная прэзентацыя дэбютнага альбома гурта пад назвай “Гарадзенскі Гармідар”, на якую прыйшло некалькі сацен чалавек.