Kurier Poranny: У Беластоку ўжо даўно павінна быць Алея Гарадзенскіх Арлянятаў
Калі ў Варшаве ёсць Алея Абаронцаў Гродна, дык натуральна, што яна павінна быць і ў Беластоку. На пытанне, чаму яе да гэтага часу няма, сапраўды цяжка адказаць.
Самае простае тлумачэнне – дагэтуль гэта нікому не прыйшло ў галаву. Аднак гэта слабае алібі дваццаць пяць гадоў пасля змены рэжыму. За гэты час многія назвы вуліц, прысвечаныя героям старой сістэмы, дайно зніклі. Але замацаваць памяць пра Абаронцаў Гродна ў публічнай прасторы Беластока яшчэ не ўдаецца. Чым больш гэта дзіўны недагляд, калі Беласток прэтэндуе быць захавальнікам памяці пра Галгофу Усходу. Не толькі праз штогадовы марш Памяці Жывой Сібіры, але і праз Музей Памяці Сібіры, што паўстае.
У Беластоку ёсць вуліца Гарадзенская. Аўтары гэтай назвы наўрадці думалі пра абаронцаў Гродна, усё ж на мапе горада яна ёсць з 1985 года. Гэта былі яшчэ не тыя часы, каб раскрываць белыя пляміны гісторыі пра тых, хто супрацьстаяў савецкай агрэсіі ў 1939 годзе. З 2002 года ёсць у раёне Завады вуліца Львоўскіх Арлянятаў. Гісторыя змагання польскай моладзі ў баях за Львоў ў 1918 годзе назаўсёды замацавалася ў памяці грамадства. Пра Гарадзенскіх Арлянятаў у публічнай сферы ўсё яшчэ нічога не чуваць.
Сімвалам абароны Гродна стаў 13-гадовы Тадзік Ясіньскі, якога Саветы выкарысталі як жывы шчыт, прывязаўшы да танка. Яго смерць апісала ў кнізе “Jeśli zapomnę o nich…” Гражына Ліпіньска.
Памятная шыльда Тадэвушу Ясіньскаму на могілках у Гродне
Бульвар імя Тадэвуша Ясіньскага ў Вроцлаве
Варта таксама прывесці меркаванне расійска-беларускага гісторыка Аляксандра Татарэнкі (кніга “Недозволенная память. Западная Беларусь в документах и фактах, 1921-1954”, Санкт Пецярбург 2006), які сцвярджае, што адно з першых масавых забойстваў ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, яшчэ да трагедыі ў Катыні, мела месца ў Гродне ў верасні 1939 года. Тэзіс гісторыка пацвярджае смерць генерала Юзафа Альшыны-Вільчыньскага, аўтара планаў абароны Беластока і Гродна і стваральніка пачаткаў антысавецкага падполля. Ён загінуў ад стрэлу ў патыліцу 22 верасня ў Сапоцкіне.
Беласток і Гродна – два гарады-двайняты, назаўсёды раздзеленыя пасляваеннымі лёсамі. Не хапіла малага, каб і Беласток пасля ІІ сусветнай вайны трапіў у межы Савецкага саюза. Няраз Сталін паўтараў саюзнікам: “Гэта праўда, што Львоў ніколі не быў расійскім, але Беласток быў”. Невядома, што пераканала Сталіна, але вядома, што калі б ён упёрся, дык нічога б яго не ўстрымала: ані Чэрчыль, ані Рузвельт, ані польскія камуністы, што пагадзіліся на тое, каб, напрыклад, Сапоцкіншчына апынулася па той бок мяжы.
Калі б такое здарылася, дык Беласточчыну закранула б чарговая хваля дэпартацый на Усход, ад якой адзіным выратаваннем была б рэпатрыяцыя на Захад. Хутчэй за ўсё, Беласток быў бы сёння другім Гроднам, толькі без нас.
Менавіта таму, што лёсы Гродна і Беластока былі пасля вайны такія розныя, памяць пра Абаронцаў Гродна ў 1939 годзе павінна быць у публічнай прасторы Беластока замацавана ўжо сама меней як 20 год.
Шмат разоў цягам апошніх год улады Беластока паказвалі, што маюць складанасці з назвамі вуліц і сквераў – паміж чальцамі самакіравання бывалі вострыя канфлікты, асабліва, калі прапанаваная назва мела гістарычны кантэкст.
Такіх спрэчак не павінна быць у выпадку Алеі Абаронцаў Гродна або Гарадзенскіх Арлянятаў. Да 75 гадавіны савецкага нападу на Польшчу ёсць яшчэ дастаткова часу, каб прынамсі ў спісе беластоцкіх вуліц ушанаваць памяць абаронцаў горада-блізнюка.
Прачытаць тэкст цалкам па-польску можна тут.
Здымкі warszawa.wikia.com, Agencja Gazeta, genealogia.okiem.pl