Серыя папяровых макетаў “Замкі Беларусі” пашыраецца
“У дзяцінстве я захапляўся будаваннем мадэляў дамоў, тэхнікі. Аднойчы да мяне прыйшоў Ігар і паказаў папяровую мадэль замка, якую пабудаваў для сваёй дачкі. Мне вельмі спадабалась, я падтрымаў яго, і мы вырашылі пашырыць гэтую ідэю”, – кажа Дзмітрый.
Зараз папяровыя мадэлі з серыі “Замкі Беларусі” сапраўды сталі папулярныя, асабліва сярод бацькоў. У людзей ёсць цікаўнасць, попыт расце. Мадэлі рэалізуюць праз крамы і праз пасярэднікаў. Зараз Дзмітрый і Ігар шукаюць людзей, якія займаюцца продажам, з дапамогай якіх можна рэалізаваць прадукцыю.
На сённяшні дзень ужо ёсць мадэлі замка Вітаўта ў Гродне, Гедыміна ў Лідзе, Мірскі замак, дзве мадэлі царквы ў Мураванцы (XVI ст. і сучасны стан), Крэўскі замак і зусім новыя: царква-крэпасць у Сынкавічах, Навагрудскі замак часоў росквіту, а таксама крэпасць з вежай у Камянцы.
“У нас яшчэ вялізныя планы ў гэтым напрамку. Мы хочам зрабіць макеты замкаў, якія не захаваліся, замкаў пра якія, мабыць, людзі мала ведаюць. Вось, напрыклад, нядаўна мне давялося ўбачыць касцёл-крэпасць XVI ст. каля Пастаў, пра які я нават раней нічога не ведаў. Я сфатаграфаваў яго з усіх бакоў. І у нас у планах зрабіць такую мадэль”, – кажа Дзмітрый.
У асноўным гэтыя папяровыя мадэлі зроблены для дзяцей. Але яны карыстаюцца папулярнасцю і сярод дарослых. Звычайна дарослыя разам з дзецьмі збіраюць гэтыя замкі.
“Займаюцца творчасцю гэта заўсёды вельмі прыемна, і прыносіць яскравыя моманты. Галоўнае ў дзяцінстве сваечасова пачаць ствараць, калі ў вачах яшчэ ёсць агмень. Бо калі агонь пагасне – яго ўжо не распаліш.
Сам працэс збірання мадэляў вельмі збліжае бацькоў з дзецьмі. Яны не проста разам нешта робяць, а яшчэ дзеляцца вопытам, размаўляюць, дзеляцца эмоцыямі.
Я часта ўспамінаю са свайго дзяцінства, як мы з татам збіралі розныя мадэлі дамоў, тэхнікі. Для мяне гэта важныя ўспаміны”, – падсумоўвае Дзмітрый.
Кошт папяровых макетаў 35 тысяч рублёў. Заказаць можна на сайце belzamki.by, ці звярнуцца па тэлефоне +375297833405, +375293520752. У Гродне яны ёсць таксама ў краме “Кубік”.