Іван Крук: буду змагацца да канца

|

Першая спроба адстаяць свае правы скончылася няўдачай – 6 сакавіка абласны суд (суддзя Людміла Малючок) не знайшла парушэнняў закона ў рашэнні Астравецкай раённай выбарчай камісіі не рэгістраваць Івана Крука кандыдатам у дэпутаты па Цэнтральнай выбарчай акрузе №1.

 

Фармальнай падставай для такога рашэння сталі вынікі праверкі прадстаўленых Круком падпісных лістоў. У выніку праверкі частка подпісаў камісіяй была прызнаная несапраўднай. Сябры камісіі даводзяць, што ў шэрагу подпісаў дата была пастаўлена не рукой выбаршчыка, а двое грамадзян пацвердзілі, што ў падпісных лістах не распісваліся.

 

Па словах Івана Крука (на здымку), на людзей, якія паставілі подпісы за яго вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты, здзяйсняўся ціск, каб людзі адмовіліся ад сваіх подпісаў.

 

 


Такога кшталту сведчанні сталі прачынай для адмовы ў рэгістрацыі Івана Крука ў якасці кандыдата ў дэпутаты


Абласная камісія, якая 28 лютага разглядала скаргу Крука, пакінула правамоцным рашэнне раённай камісіі. Тады Іван Крук звярнуўся ў суд.

 

У судзе Іван Крук заявіў хадайніцтва пра правядзенне почырказнаўчай экспертызы, аднак суддзя просьбу не задаволіў.

 

– Я буду змагацца да канца – сказаў Іван Крук у размове з карэспандэнтам “Твайго стылю”. Буду рыхтаваць зараз скаргу на імя старшыні Гродзенскага абласнога суду, у пракуратуру. Пры неабходнасці буду дамагацца ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да тых, хто перашкодзіў яму ўдзельнічаць у выбарах. Калі беларускія судовыя інстанцыі не стануць на яго бок – кажа сп. Іван, буду шукаць праўду ў міжнародных інстанцыях.

 

Па словах сп. Івана, мясцовыя ўлады дбаюць зараз найперш не пра вырашэнне вострых эканамічных і сацыяльных пытанняў, а пра тое, каб выбары прайшлі “ціха”. Менавіта для гэтага, на яго думку, і робіцца ўсё для таго, каб непадкантрольныя ўладзе людзі не патрапілі ў мясцовыя саветы.

 

Як паведамляюць “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, выбары ў Астравецкі раённы савет будуць абсалютна безальтэрнатыўнымі – па 25 выбарчых акругах зарэгістравана 25 кандыдатаў.