Стваральнік брэнду LSTR: “У Беларусі перамагаюць грошы”
Ток-шоў прайшло ў антыкавярні “Жывы час” і сабрала каля паўсотні гарадзенцаў. Араганізатарам сустрэчы выступіла кампанія “Будзьма беларусамі”. У якасці гасцей былі запрошаный стваральнікі нацыянальна-афарбаванай брэндавай вопраткі Ілля Аксёнаў (LSTR), Арнэстас Махін (“КУТ”) і Сяргей Хаменчук (“Важный Гусь”). У якасці выставы ў антыкавярні прысутнічала сама вопратка, якую робяць хлопцы: цішоткі, байкі, торбы з адмысловымі прынтамі.
Сярод тэмаў, закранутых падчас дыскусіі, была актуальнасць адметнай нацыянальнай вопраткі ў сучасным глабалізаваным свеце, “камерцыйны” і “асветніцкі” бакі такой працы, канкурэнцыя і маркетынг у якасці рухавікоў беларускай street-wear.
Зразумела, што гутарка пра нацыянальную брэндавую вопратку, гэта не аб тым “у чым хадзіць цёпла” альбо “што апрануць, каб не разышлося па шву”, але аб ідэі. Большасць спажыўцоў беларускай street-wear разглядаюць такую вопратку як пасыл грамадству, то бок своеасаблівы спосаб камунікацыі. Пры гэтым цяжка абстрагавацца і ад прыземленых тэмаў: прымальнага кошту альбо якасці матэрыялу.
Па заканчэнні ток-шоў на некалькі пытанняў “ТС” пагадзіўся адказаць Ілля Аксёнаў (на фота злева), стваральнік найбольш вядомага беларускага street-wear брэнду LSTR:
У пэўныя гістарычныя перыяды форма адзення была своеасаблівым выклікам: канфедэратка ў палякаў, мазэпінка ва ўкраінцаў. Ці ёсць нешта падобнае ў беларусаў?
У нейкім сэнсе такім выклікам маглі б стаць вышыванкі. Шмат хто ўжо цікавіўся, ці плануе LSTR пачаць іх “кажуаляваць” – то бок не рабіць цалкам традыцыйны варыянт, а прыстасаваць да сучаснай рэальнасці: офіснай альбо вулічнай. Вышыванка, як мне падаецца, магла б стаць беларускім трэндам. Калі на вуліцы будзе дастаткова людзей у вышыванках, гэта б стварала годную нацыянальную атмасферу.
То бок, гэта не будзе традыцыйная вышыванка, якую мы бачым у музеях альбо на “днях горада”?
Яна будзе абавязкова ільняной, але больш сучаснай, нечым накшталт polo, пакуль мадэль у нас яшчэ не распрацаваная. Мы ставім задачу зрабіць іх вельмі дасяжнымі для пакупніка, бо зараз уручную вышытыя традыцыйныя вышыванкі каштуюць каля мільёну рублёў, таму не кожны сабе гэта можа дазволіць. Мы плануем запусціць гэтую тэму прыкладна ў маі.
Падчас дыскусіі гучала меркаванне аб тым, што беларускае мае быць унікальным, сувенірным, элітарным. У Заходняй Украіне, напрыклад, тыя ж вышыванкі і цішоткі з нацыянальнай сімволікай – масавая з’ява, мода, якая не прыніжае нацыянальную культуру. Чаму нельга таксама зрабіць у нас?
Я неаднойчы думаў аб гэтым. Упэўнены, што беларушчына не мае быць нейкім сектанцтвам альбо гета. Гэта мае быць масавая з’ява, але пры гэтым якасная. Заходняя Украіна: Львоў, Роўна, Івана-Франкоўск – сапраўды выдатныя прыклады масавай прадукцыі з нацыянальным каларытам. Пры гэтым мы не маем падаваць сваё нацыянальнае нейкім кічам ці папсой. Трэба захоўваць мяжу густу і якасці. З-за гэтага LSTR заўсёды будзе ў андэграўндзе. Але, улічваючы нашую асветніцкую місію, мы імкнемся выходзіць на больш шырокія масы.
Вы сказалі, што заўжды будзеце ў андэграўндзе, а ці можа настаць такі час, калі вопратку LSTR можна будзе купіць на рынку ці ў звычайнай краме?
Мы плануем пачаць новую лінію больш дасяжнай для спажыўца вопраткі, але крыху пад іншым брэндам – нешта кшталту “ад вытворцаў LSTR”. Наўпрост наш брэнд заўжды будзе ўнікальным і ніколі не стане супер-масавым, таму, мажліва, выкарыстаем такі маркетынгавы ход. У Беларусі перамагаюць грошы. Калі тавар будзе запатрабаваны на рынку, яго будуць браць і дзяржаўныя крамы, і якія-заўгодна.
Улічваючы сюжэтны напрамак вашай прадукцыі – вайскова-гістарычны – ці не абвінавачвалі вас у залішняй агрэсіі ці шавінізме?
У чым нас толькі не абвінавачвалі, даходзіла да смешнага. У фашызме, часцей за ўсё, хоць мы выступаем супраць любых таталітарызмаў: і чырвонага, і карычневага. Нават казалі, што мы прапагандуем ЛГБТ-структуры, уяўляеце? Бо ў нас была байка “Belarus Pride”…
Па-першае, людзі нам зайздросцяць, па-другое, бачаць тое, што хочуць бачыць. Ну а тым, хто пісаў пра нас усялякія глупствы, я хачу толькі падзякаваць, бо менавіта яны дапамаглі нам раскруціцца. Яны ў сацсетках пісалі пра нас, маўляў, “гаўнюкі-фашысты”, а іхныя сябры тут жа ў каментарах цікавіліся, дзе гэта можна набыць? Чорны піяр нам вельмі дапамог!
Чаму вы абстрагаваліся ў сваіх тэмах ад ХХ ст., робячы ўпор на рыцарскіх часах ВКЛ і Рэчы Паспалітай?
У ХХ ст., напрыклад у ІІ Сусветнай, не ўсё так адназначна, таму мы пакуль гэтай тэмы не краналі. У нас ёсць распрацаваны прынт, прысвечаны Слуцкаму паўстанню, які пакуль не пайшоў у тыраж. Будуць, безумоўна, рэверансы ў бок БНР і зараз, мяркую, мы яшчэ паспеем нешта зрабіць да 25 сакавіка. Бліжэйшым часам абавязкова нешта з’явіцца таксама прысвечанае беларускім літаратарам, большасць з якіх таксама жылі ў ХХ ст.
Здымкі Яна Лялевіча