Напярэдадні 8 сакавіка кветкі ў Гродне пачалі прадаваць на кожным кроку
Тут ёсць усё: цюльпаны разных колераў, астры, прымулы ў гаршочках, мімозы, нарцысы, розы, геацынты і нават такія, назву якіх ты не ведаеш і ўвогуле першы раз бачыш. Разам з кветкамі ўтульна размясціліся хлопцы з плюшавымі мядзведзямі. Зрэшты, па ўсім горадзе ля крам і міні-рынкаў па дарозе дадому можна набыць цюльпан.
У сярэднім адзін цюльпанчык каштуе 10-15 тысяч. Тры, атрымліваецца маленькі букецік, 40-50 тысяч. Гаршочак з яркай прымулкай, якую можна высаджваць, каштуе 25 тысяч. Калі вашая жанчына любіць сціплась і мілату – галінка жоўценькай мімозы ў самы раз, ды і абыйдзецца зусім танна – усяго пяць тысяч за штуку.
Папытаўшыся ў гандляроў, адкуль бярэцца гэтая прыгажосць, даведалася, што шмат хто сам вырошчвае, нехта прывозіць (у асноўным са сталіцы, але бывае, што і з Галандыі), а хтосьці проста перакупае і сам займаецца продажам.
“Вельмі цяжкая праца – вырошчваць самім” – кажа адна з жанчын-прадаўшчыц. Паразмаўляўшы з ёй, я пачула парады, як самой можна вырасціць кветку. Напрыклад, лукавіцу геацынта трэба саджаць з восені, каб на 8 сакавіка атрымаць прыгожую кветачку.
Вялікая колькасць кветак вырошчваецца адмыслова на свята жанчын. На самым сапраўдным кветкавым кірмашы не складана спусціць увесь гаманец грошай.
Прадаваць кветкі пачалі ўжо сёння, а тыя, хто спазняецца, будуць мець магчымасць яшчэ 9 сакавіка набыць кветку. Самыя ўстойлівыя прадаўцы стаяць ад раніцы да цемры: у сем гадзін вечара на рынку “Фарты” быў самы разгар гандлю.