У Гродне адбудзецца прэзентацыя курсаў “МОВА НАНОВА”
Прэзентацыю правядуць заснавальнікі і вядучыя курсаў у Менску – журналіст Глеб Лабадзенка (на здымку ніжэй у цэнтры) і філолаг Алеся Літвіноўская.
МОВА НАНОВА — бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць са студзеня 2014 года і карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод людзей рознага ўзросту.
Назву курсаў іх заснавальнікі тлумачаць проста: многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова” вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова!
На думку стваральнікаў курсаў, гісторыя ведае прыклады, калі народ адраджаў паўзабытую мову і гэтыя прыклады натхняюць.
Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы, з дапамогай інтэрактыўных метадаў навучання.
Удзельнікі першага занятку ў Гродне даведаюцца, як гучыць уласнае імя па-беларуску, прыгадаюць аканне і яканне, навучацца называць сваякоў па-беларуску.
Прэзентацыя курсаў пачнецца а 19-й гадзіне па адрасе вул. Будзёнага, 48а, офіс 63.
На здымках: пры такім аншлагу праходзяць моўныя курсы ў Мінску
Фота: movananova.by