Гарадзенскі Легаман
Дваццацігадовы студэнт факультэта мастацтваў Гарадзенскага Дзяржаўнага Універсітэта імя Я. Купалы робіць з дзіцячага канструктара артэфакты розных памераў, удзельнічае ў конкурсах і, часцей за ўсё, перамагае.
Карэспандэнт “Твайго Стылю” паразмаўляў з Уладам.
– Улад, ты займаешся вельмі рэдкім відам творчасці. Калі ты ўпершыню адкрыў у сабе творчыя задаткі?
– З самага дзяцінства я вельмі любіў ляпіць розныя рэчы з пластыліну. Маляваць мне не вельмі падабалася, я маляваў, як любое іншае дзіцё. У дзяцінстве ў мяне была сяброўка, якую бацькі вырашылі аддаць ў мастацкую школу.
Мне таксама захацелася паспрабаваць вучыцца ў гэтай школе не толькі “за кампанію” са сваёй сяброўкай, але і таму, што мне сказалі, што там будзе лепка. Але ніякай лепкі не было, было толькі маляванне. Прыкладна так я пачаў яшчэ і маляваць.
– Што было пасля сканчэння школы?
– Я вырашыў паступаць у наш універсітэт на факультэт мастацтваў, каб займацца тым, што мне вельмі падабалася. Мне не хацелася ехаць кудысьці ў іншы горад, таму што ў Гродне ў мяне ўсе сябры і родныя. На маю думку, не іграе ніякай ролі дзе вучыцца, важна тое, як ты будзеш ставіцца да сваёй справы.
– Ты казаў пра лепку і маляванне. А калі ты пачаў будаваць з Лега?
– Таксама ў дзяцінстве. Гэта было проста цікавай гульнёй для маленькага мяне. Усе хлопцы зайздросцілі, таму што ім падабаўся гэты канструктар, а ў мяне Лега было “заваліся”. У той час я канструяваў проста па карцінках, па падказках, нічога сур`ёзнага. Не існуе творчасці па інструкцыі.
На гэтым фотаздымку маленькі Улад са сваім першым Лега
– У які момант ты пачаў успрымаць “будаўніцтва” як сапраўднае мастацтва?
– Сур`ёзнае Лега пачалося напрыканцы першага курса. Выпадкова я натыкнуўся на сваіх робатаў і іншых істот. Іх мне падабалася рабіць больш за ўсё, гэта і зараз з`яўляецца маёй таматыкай ў мастацтве. І я пачаў выпраўляць памылкі, дабудоваць і перабудоўваць свае мадэлі. Потым пачаў будаваць новых істот, але мне не хапала дэталей, якія згубіліся з цягам часу, патрэбна было дакупляць дэталі з інтэрнэту.
Так я трапіў на мноства сайтаў, дзе людзі праводзілі конкурсы з удзелам сваіх прадуктаў легатворчасці і дзе даведаўся пра тое, што ўжо на працягу сямі год існуе такі від эксклюзіўнага мастацтва. Я вырашыў удзельнічаць у гэтых спаборніцтвах і пазнаёміўся з пэўнай колькасцю канструктараў, некаторыя з ікіх зараз працуюць у кампаніі Лега малодшымі легадызайнерамі.
– Наколькі развітая гэтая справа ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі?
– Я адзіны беларус, які заяўляе пра сябе ў гэтым мастацтве, не ведаю, ці ёсць хто іншы. Безумоўна, на Захадзе легатворчасць распаўсюджана намнога мацней, асабліва ў ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама ў розных краінах Азіі. Аднак, як я ўжо казаў раней, такое мастацтва нестандартнае і эксклюзіўнае, таму не распаўсюджана сярод шырокіх мас.
Я удзельнічаю ў конкурсах, якія адбываюцца на еўрапейскім, амерыканскім і расійскім серверах. Беларускі сервер наўрад ці з`явіцца.
– Ты перамагаеш ў конкурсах, у якіх удзельнічаеш? Калі адбыўся твой апошні конкурс ?
Так, я выступаю ў тэматыцы разнастайных істот і займаю мінімум прызавыя месцы. Апошні мой конкурс скончыўся 12 сакавіка, там мая мадэль сіня-жоўтага папугая ара заняла першае месца.
– Як ты плануеш сваё будучае? Паспрабуеш працаваць ў кампаніі Лега разам са знаёмымі?
– Я не ведаю, чым канкрэтна буду займацца у будучыні. Дам адзін адказ: творчасцю.
Я займаюся вельмі многімі рэчамі, сярод якіх і кам`ютэрная графіка і простае маляванне, і тая ж самая лепка, таму не магу выбраць штосьці адзінае. Ці стане Лега маёй асноўнай дзейнасцю? Не ведаю. Але канструяваць з Лега мне вельмі падабаецца і гэтым я буду займацца заўсёды.
Фота з фотаархіва Улада Лісіна