На VII Гарадзенскай дыктоўцы напісалі гімн Украіны

|

Сёмы раз у ваколіцах 25 сакавіка у Гродне пісалі традыцыйную дыктоўку па беларускай мове. Гэтым разам прачытаць яе прыехалі з Мінску Валярына Кустава і Алесь Залеўскі. Але каб дачакацца ўласна дыктоўкі трэба было пасядзець больш за гадзіну – столькі доўжылася сустрэча на тэму “сталічнасці” Гродна. Цягам яе Алесь і Валярына даведаліся, што Гродна гэта не толькі “Культурная сталіца Беларусі 2014”, але і сталіца кантрабандыстаў, католікаў, гісторыкаў, панкаў, кандыдатаў у прэзідэнты, а нават сельскай гаспадаркі і эсперантыстаў.

 

Нахвальваючы Гродна, вядучыя згадалі добрым словам таксама Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой стыль” – і Алесь, і Валярына ўдзельнічалі ў папярэдніх фестывалях.

 

Вядучыя закранулі таксама тэму выкарыстання беларускай мовы ў публічнай прасторы: што рабіць, калі навакольныя запытваюцца, чаму ты размаўляеш па-беларуску, або калі кіроўца маршруткі не разумее што значыць “спініцеся на прыпынку, калі ласка”.

 

Перад самой дыктоўкай арганізатары патлумачылі, што не знайшлі прафесійнага паэтычнага перакладу гімна Украіны на беларускую мову, таму ў ноч перад дыктоўкай тэкст пераствараў па-беларуску малады гарадзенскі паэт і аўтар “Твайго стылю” Алесь Кіркевіч.

Першы куплет гімна прачыталі дзеці з залы.

Для тых, хто застаўся пасля дыктоўкі ў зале, зайграў Зміцер Вайцюшкевіч. Ён падабраў адмысловую праграму з песен, напісаных на вершы Рыгора Барадуліна.

     
  Больш фота з дыктоўкі-2014 глядзі тут.  
     

 

Здымкі Яна Лялевіча