У Гродне паказалі лямцавую батлейку са шведскай каровай у галоўнай ролі (фота)

|

Сцэнай была вялікая падарожная валізка, якая трансфармавалася то ва ўтульны кароўнік мілай Мамы Му, то ў паляну з травой і кветкамі. Герояў спектаклю, як і ў кнізе, толькі два: карова Мама Му і яе сябар Крумкач. Пастаноўка апынулася інтэрактыўнай і дзеткі маглі самі прыняць у ёй удзел, напрыклад, дапамагаючы прыбраць у кароўніку.

Акрамя спектаклю, каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі” па Гарадзеншчыне Хрысціна Марчук правяла сярод дзяцей маленькі конкурс на веданне беларускай мовы.

Лямцавая батлейка з Мамай Му ў галоўнай ролі была створаная Веранікай Фаміной і Святланай Бень па матывах кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр у перакладзе Надзеі Кандрусевіч. Гарадзенскі паказ спектаклю адбыўся пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.