Справу Аўтуховіча працягнулі на нявызначаны тэрмін

|

Следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі ў чарговы раз працягнута. На які тэрмін — пакуль невядома. Пра гэта паведаміў адвакат Аўтуховіча Павел Сапелка.

Тэрмін следства ў дачыненні да затрыманых прадпрымальнікаў закончыўся 3 ліпеня.

Калі іх не выпусцілі, значыць, следства прадоўжылі. Мне невядома, на які тэрмін: па законе адвакатам пра гэта не паведамляюць, — сказаў Сапелка.

Адвакат таксама паведаміў, што стан здароўя яго падабароннага — “дрэнны”. Тым не менш, Аўтуховіч працягвае галадоўку.

Актывісты прадпрымальніцкага руху Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Усе трое цяпер знаходзяцца ў следчым ізалятары № 1 Мінска. 18 лютага ім было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня стала вядома, што Аўтуховіч прызнаны падазроным ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконныя дзеянні са зброяй і боепрыпасамі).

З 16 красавіка Аўтуховіч праводзіць галадоўку, патрабуючы ў самы кароткі тэрмін або перадаць справу ў суд, або змяніць усім падследным па дадзенай крымінальнай справе меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. За гэты час затрыманы страціў больш як 20 кг вагі.

Паводле Радыё Рацыя

Здымак Юлі Дарашкевіч