На цуды з воўны можна паглядзець у антыкафэ “Жывы час”
Валянне воўны – гэта старадаўняе рамяство, якое было на нашых землях бадай што з паганскіх часоў. Усе мы, канешне, памятаем тыя самыя шэрыя валенкі. Людзі зразумелі, што з воўны можна валяць дастаткова цёплыя рэчы ажно восем тысяч гадоў таму! У XVI стагоддзі з’явіліся першыя майстэрні па вырабе лямца, а ў ХІХ стагоддзі валянне стала механізаваным. Сёння валянне з воўны гэта хутчэй дэкаратыўнае мастацтва. У гэтай тэхніцы і працуе Кацярына Неўгень, робячы з воўны сапраўдныя скульптурныя кампазіцыі.
“Валяннем я пачала займацца гадоў шэсць таму – як нарадзілася дачка”, – кажа аўтарка. Кася мае прафесійную мастацкую адукацыю, але валянню прыйшлося вучыцца з асноў, хаця за гэты час яе майстэрства, канешне, вельмі вырасла. Гэта бачна па творах, што размясціліся на сценах антыкафе. Тут і анёлы, і бабуля, якая вяжа, напэўна, для ўнукаў, і зайчыкі з коцікамі, якія так спадабаліся маленькім наведвальнікам выставы!
Адкрыццё выставы прайшло ў цёплай сяброўскай атмасферы. “Гэта таму, што творы цёплыя”, – жартавалі прысутныя.
“Дзе ты бярэш воўну для сваёй творчасці?”, – пытаюся, разглядаючы ваўняныя скульптуры. “Большай часткай у Мінску, але ўжо і тут з’яівіўся больш-менш добры выбар, але ўсё-роўна прыходзіцца тое-сёе замаўляць”.
“А натхненне дзе бярэш?” – “У жыцці, дзецях. Шмат дзе”, – усміхаецца майстрыца. У яе планах ужо ўдзел у новых, сумесных выставах з іншымі майстрамі і новыя персанажы з лямца.
Перад выставай Кася хвалявалася, што прыйдзе вельмі мала чалавек, але на здзіўленне наведвальнікаў было шмат – поўная зала. Сярод прысутных правялі міні-латарэю, дзе разыгралі некалькі маленькіх ваўняных магніцікаў ды мішку-тэдзі.
Выставу можна будзе пабачыць яшчэ два тыдні ў антыкафэ “Жывы час”.