Аляксандр Фядута: “Гарадзенцы, любіце свой горад!”
На прэзентацыю, якая праходзіла ў памяшканні ва ўнутраным дворыку па вул. Будзёнага, 48а, сабралася пару дзясяткаў гарадзенцаў: як асабістых знаёмых Аляксандра Іосіфавіча, так і проста цікаўных жыхароў горада над Нёманам.
Дакументальны фільм Віктара Корзуна і Касі Камоцкай прысвечаны 110-дзённаму перабыванню палітыка, літаратара і журналіста Фядуты ў сумнавядомай “амерыканцы” – следчым ізалятары КДБ. Раней Корзун быў больш вядомы фільмамі, прысвечанымі беларускім класікам – Караткевічу, Быкаву, Барадуліну.
“Амерыканка. All included” зроблены з шырокім выкарыстаннем анімацыі, што надае трагічным падзеям ноткі іроніі. Ахоўнікі, следчыя КДБ, сукамернікі паўстаюць перад намі мульцяшкамі… Фядута прызнаўся, што менавіта гумар рэжысёра канчаткова дазволіў яму пераадолець посттраўматычны сіндром перажытага.
Па заканчэнні фільма Фядута прачытаў некалькі ўрыўкай са сваёй пакуль не апублікаванай кнігі “Мой маленький Париж”, прысвечанай Гродна яго дзяцінства. Зачытаныя фрагменты былі напісаныя падчас зняволення, цягам якога Аляксандр Іосіфавіч правёў каля 50 дзён у адзіночнай камеры.
“…Прайшоўшыся вуліцай Ажэшкі я заўважыў, як мала засталося старых дрэваў. Вядома, кожнае дрэва не зберагчы, як і кожны стары будынак, але можна запомніць, дзе ён стаяў. Тады ён заўжды застанецца з табой. Гарадзенцы, любіце свой горад!” – патрыятычнай нотай скончыў сустрэчу Фядута.
Калі і дзе можна будзе набыць “Мой маленький Париж” – пакуль невядома. Вядома, што кніга будзе прысвечана не гістарычным падзеям альбо персонам, а гродзенскай штодзённасці 1960-80-х, поўнай гукаў, пахаў, смакаў і фарбаў, якія ўвабраў некалі дзіцячы розум аўтара.
Здымкі Ірыны Новік