Рэанімова – “Выдае Данута з Гародні…”
На фоне перабудовы і абуджэння нацыянальнага жыцця ў краіне яго цэнтрам у Гародні стаў клуб “Паходня” Міхася Ткачова, а пры ім — дзіцячы гурток “Вянок” у музеі Максіма Багдановіча. Там жыццё віравала дзякуючы яго стваральніцы, паэтцы Дануце Бічэль, якая на музейную працу трапіла дзякуючы падтрымцы Максіма Танка ды Аляксея Карпюка яшчэ ў 1982-м. Не выходзячы з “Паходні”, моладзь стварыла ў 1988 г. суполку імя Багдановіча пры музеі, каб выдаваць газету.
Стаўка — жыццё
Тэрмін “Рэанімова” значыў вяртанне да жыцця з крытычнага, памежнага стану, у якім знаходзілася мова ды беларушчына наогул. “Медычны тэрмін “рэанімацыя” — надта дарэчны тут. Інфарктная сітуацыя, у якой апынулася беларуская мова, падказвае і катэгарычнасць сродкаў: стаўкаю ёсць жыццё”, — падкрэсліваў у адным з тагачасных інтэрв’ю Сакрат Яновіч.
– Я напісала адкрыты ліст-аб’яву ў часопіс “Беларусь”, — згадвае Данута Янаўна, — маўляў, мы збіраем суполку імя Багдановіча, каб выдаваць моладзевую ўсебеларускую нефармальную газету. Адгукнулася некалькі маладзёнаў крыху за 20 гадоў, якія пісалі вершы. Дзяўчаты з Полацка ды Мазыра, хлопцы з Палесся, прозвішчаў не памятаю. Таксама Васіль Бязмен, Эдзік Мазько, Юрась Пацюпа, Міша Баярчык ды іншыя. Лідар — Зміцер Кісель, найкрыклівейшы, смелы, упарты, ідэяў шмат у яго было.
Друкаваў заўжды п’яны літовец
Музей стаў штаб-кватэрай суполкі і адначасова рэдакцыяй. З хаты аўтары прыносілі з сабой нарыхтоўкі тэкстаў, у музеі набіралі іх на машынцы. Алесь Аўчыннікаў наклейваў матэрыялы на кардонны ліст. З макетам першага нумару сябры суполкі паехалі на Вальны Сойм БНФ у Вільню, дзе дамовіліся з Сяргеем Дубаўцом пра друк. Першы нумар выйшаў дзякуючы яму, далей — сваімі сіламі.
— Мы знайшлі аднаго літоўца, заўжды п’янага, — працягвае Данута Бічэль, — які меў доступ да друкавальнай тэхнікі на нейкім прадпрыемстве. Абсталяванне было састарэлым, рабіў ён абы-як. Ты заўважыў, што некаторыя нумары наогул нечытэльныя?.. Усё рабілі за свае грошы. Вазілі, аплачвалі, забіралі…
Звяртаюць на сябе ўвагу шапкі нумароў — заўжды розныя. Аказалася, што іх “афармляў” Алесь Аўчыннікаў наступным чынам: выразаў літары з розных старых часопісаў ды склейваў. “Для разнастайнасці і каб самому не маляваць”, — жартуе пані Данута. Карыкатуры маляваў ён жа ды яшчэ Міхал Баярчык.
Ад “Ойча наш” да саветаў-1990
Змест нумароў, даволі стракаты, выходзіў за рамкі беларускай філалогіі. “Ойча наш” і Сімвал веры па-беларуску, рэпартажы з мітынгаў, перадрукі з міжваеннага “Беларускага Партызана” ды лісты ад Наталлі Арсеневай “з-за плоту”, погляд на бурлівыя літоўскія падзеі ды шырокае асвятленне выбараў у саветы-1990…
— Мы былі зялёныя. Мы не былі выдаўцамі, — тлумачыць Данута Янаўна. — Вера, мова, гісторыя, аднаўленне гістарычнай праўды. Мы спрабавалі абудзіць людзей ад сну, сказаць нешта новае, правакаваць. Правакаваць на праўду. Паэт Алесь Чобат, напрыклад, выдаў адзін нумар сваёй газеты, прысвечаны азербайджанскім падзеям. Усе хацелі быць рэдактарамі, лідарамі.
Нумары прадаваліся танна — часам у куточку стаяла цана: 25 кап. З выручкі можна было сабраць касу на новы нумар, часамі дакладалі свае. Збольшага аўтары былі студэнтамі, якім даводзілася ашчаджаць са стыпендыяў.
Абсалютны “беспрадзел”
Вялікія тыражы рабілі пад выбары, калі можна было прадаць пачак газет падчас мітынгу на стадыёне альбо на пікетах. Звычайна ж “Рэанімову” можна было прыдбаць на вул. Савецкай пад помнікам Сакалоўскаму. Газета стала папулярнай, хоць заставалася слабай паводле якасці друку.
— Я на мітынгах не мела часу выступаць, я прадавала газеты, — дзеліцца ўспамінамі Данута Янаўна. — Пасля хадзіла з пачкам выручанай драбязы. Быў такі Сяргей Быль, які вызваўся нам дапамагаць — прадаваць газеты. Ён узяў вялікую валізу ды пайшоў з ёй на завод, перад прыходам рабочых. Усё разышлося. У яго добра атрымлівалася прадаваць і гэта стала яго шляхам у бізнес. Гуркоў прывозіў нам мінскія выданні — “Свабоду”, “Навіны” — яны ляжалі гурбамі ў музеі на продаж разам з “Рэанімовай”. Гэта быў абсалютны “беспрадзел” з нашага боку!
Улада і савецкае яшчэ КДБ не віталі газету, але і не секлі пад корань. Прадаўцоў часам здымалі альбо падыходзілі, праводзілі размову, казалі “убрацца”. Распаўсюднікі “ўбіраліся”, каб заўтра прыйсці зноўку. Артыкулы спачатку наогул не былі падпісаныя — атрымлівалася ананімная газета. Імёны з прозвішчамі з’явіліся акурат на хвалі выбараў у 1990-м.
“Фашыстоўка” Данута Бічэль
Аднойчы “чалавек ад улады”, згадвае паэтка, прыйшоў у музей. Папярэджваў, што будуць непрыемнасці і газету трэба скараціць, змяніць. Вельмі ветліва. У КДБ пасля выклікалі “на размову” Юрася Пацюпу, Эдзіка Мазько, Валера Жывалеўскага. Рэдактара, Зміцера Кісяля, не выклікалі надзіва, хоць ён сам, са словаў Дануты Янаўны, хацеў: “каб перавыхоўваць іх там у нацыянальным духу”.
Данута Бічэль згадвае:
— Нумары з Вільні вазіла таксама жанчына, якая працавала фельчарам на скурзаводзе, украінка. Яе дачка вучылася ў медуніверсітэце. Калі былі выбары ў 1990-м, дачка прыйшла з вучобы і сказала, што Данута з Музея Багдановіча — фашыстоўка, якая супрацоўнічала з немцамі падчас вайны. Так ім сказалі. Мама пасмяялася, бо мы былі равесніцамі і ў вайну нам было па 3-4 гады.
Рэч у тым, што афіцыйны “Политическій собеседник” выкарыстаў здымак са з’езду моладзевых суполак у Ракуцёўшчыне, куды прыехалі і віленскія беларусы старэйшага пакалення: Лявон Луцкевіч, Сяржук Вітушка і іншыя. Маўляў, старыя фашысты ды іх пераемнікі. Яго ж выкарыстоўвалі на антыўлётках падчас выбараў, калі пані Данута вылучалася ў дэпутаты. Іх раскідалі па выбарчай акрузе, а Зміцер Кісель хадзіў ды выцягваў паперкі з паштовых скрыняў.
Калі нешта прайграеш — пачынаецца грызня
Гэтыя ж выбары паклалі ў пэўным сэнсе канец “Рэанімове”:
— Мы разваліліся. Пасля выбараў-90 надышоў даволі цяжкі час. Калі нешта прайграеш, пачынаецца грызня. Недавер, амбіцыі, злосць. А ў хуткім часе з’явілася “Пагоня”, туды пачаў пісаць Зміцер Кісель. Хлопцы былі добрымі стылістамі, таму пры спрыяльных умовах маглі б працаваць у добрых выданнях, — падагульняе Данута Янаўна.
Наўрадці тэрмін “разваліліся” тут падыходзіць аптымальна. Газета перастала выходзіць, але сваё жыццё працягнула ў іншых выданнях, куды так ці інакш пісалі яе выдаўцы. Час падпольных самвыдатаў пакрысе мінаў, надыходзіў перыяд вялікіх тыражоў ды зацятай палітычнай і культурнай барацьбы на старонках прэсы.
Здымкі аўтара і Хрысціны Марчук