Магічная мапа Гародні ад Алеся Дзянісава
Кожны тыдзень на “Магічнай мапе” будуць праяўляцца сакральныя мясціны Брэста, Магілёва, Віцебска ды іншых беларускіх гарадоў і мястэчак. Нам адкрыюцца новыя таямніцы Гомеля і легендарныя мясціны Гародні, некаторыя з якіх даўно зніклі як аб’екты картаграфіі, але не для магічнай мапы. Дзякуючы мясцовым жыхарам мы ўсе даведаемся, што стварае непаўторную, адметную атмасферу сучасных беларускіх гарадоў.
Як і ў першым сезоне праекта, мы чакаем цікавых допісаў пра магічныя для вас мясціны. Пішыце на адрас кампаніі razam@budzma.org з пазнакай “Магічная мапа”, дзяліцеся сваёй любоўю да ўласнага горада, мястэчка ці вёскі. Адкрыем магічны свет Беларусі, стварыўшы “Магічную мапу” разам!
Сёння сваю магічную мапу пакажа музыка, рок-паэт, заснавальнік гуртоў “Людзі на балоце” і “Dzieciuki” Алесь Дзянісаў.
Выспа Арапка на Нёмане
Не ведаю, чаму яна так называецца. У Горадні шмат неафіцыйных назваў мікрараёнаў: ёсць Пентагон, Шанхай, Бетон. Арапка – адна з такіх назваў.
Гісторыя выспы звязаная для мяне з нашым пратэстам супраць пабудовы ГЭС. Дабрацца да Арапкі цяпер вельмі лёгка, таму што са з’яўленнем той ГЭС, супраць якой мы пратэставалі, Нёман там – з боку Каложы – стаў зусім плыткі. А раней у тым месцы было амаль па пояс.
Мы перабраліся разам з расцяжкамі, намётамі, плакатамі і заснавалі выспу свабоды. Для большасці з нас гэта было свята непаслушэнства, асобная вольная рэспубліка на два тыдні. Мы хацелі выказаць сваю занепакоенасць экалагічнымі наступствамі, да якіх прывядзе будаўніцтва ГЭС. Прычым наш пратэст не быў звязаны з грантамі, партыямі, рухамі, у ім удзельнічала збольшага анархічная ці каляанархічная моладзь, апалітычныя нефармалы.
Мянты доўгі час не маглі зразумець, што з намі рабіць. Па-першае, яны не хацелі мачыць ногі. Па-другое, высветлілася, што гэтая выспа не трапляе пад юрысдыкцыю горада, а далучаецца да нейкай там флатыліі, якая кіруе ўсім, што знаходзіцца на рэках. Таму нас адразу не спынілі. Потым, дні праз тры ці чатыры, на маторцы прыплылі два мянты, сказалі, каб мы знялі расцяжкі. Мы сказалі, што не здымем. У выніку мы два тыдні там прастаялі, нават з двух дзяржаўных каналаў прыязджалі да нас.
Дарэчы, алкаголю мы не ўжывалі. Ну, можа, нехта цішком і піў, але не напіваўся. Мы рабілі там канцэрты, нехта вершы чытаў, кожны вечар там было чым займацца. Так што не маюць рацыі тыя, хто кажа, што моладдзю трэба кіраваць, што ў нас дурны народ, які не здольны сам нічога зрабіць. Калі людзі паяднаныя пэўнай ідэяй, яны могуць без нейкіх правадыроў, партый, палітыкаў, чыноўнікаў, указаў дамовіцца і зрабіць нешта дробнае альбо глабальнае.
Стары замак
Гэта гарадзенскі дзядзінец. Афіцыйна годам заснавання горада лічыцца 1128. Потым былі знойдзеныя згадкі пра яго на год раней. Але археолагі кажуць, што ўжо пры канцы X — у XI стагоддзі там, на месцы Старога замка, ужо засноўваўся горад, было першае паселішча. З яго мурамі ў мяне звязана шмат гісторый.
Цяпер там нельга хадзіць. А некалі мы любілі там сядзець, спускаліся, пілі піва, гралі на гітары. Уяўлялі, як крыжакі лезлі знізу, а праз муры на ворагаў ляцелі стрэлы, каменне, дзіды, лілася лава. Там трэба пералазіць, то бок нешта мы ўсё-такі парушалі, але мы не рабілі нічога дрэннага – не адкалуплівалі камяні, не малявалі на сценах.
Для Горадні, якая адна з беларускіх абласных гарадоў, перажыўшы войны ды камуністычныя часы, больш-менш захавала свой твар, непаўторнасць і гістарычны цэнтр, Стары замак – вельмі важнае месца. Гэта сэрца горада. На жаль, не Каложа, хоць таксама месца знакавае. Але са Старога замка горад пачынаўся.
“Клетка”
Адзіны рок-клуб за ўсю гісторыю Горадні. Узнік ён на месцы былога летняга кінатэатра. У Горадні засталося ўвогуле толькі чатыры кінатэатры. “Чырвоная зорка” – самы стары ў Беларусі, “Кастрычнік”, “Космас”, “Усход”. А раней іх было шмат. У парку Жылібера быў кінатэатр “Ту-134” для дзетак, можна было зайсці ў самалёт і глядзець мульцікі. Там жа знаходзіўся і летні драўляны кінатэатр, ён працаваў толькі калі было цёпла – з красавіка і да кастрычніка.
У пачатку 2000-х, калі ён быў зачынены, у гэтым будынку з’явіўся рок-клуб, які праіснаваў некалькі гадоў. У “Клетцы” ладзіліся некамерцыйныя канцэрты, фестывалі, прыязджала шмат гуртоў, у тым ліку з Польшчы, Літвы, Германіі. Не было праблемы дамовіцца, бо клуб знаходзіўся ў прыватных руках. Людзі, якія там працавалі, былі звязаныя з музыкай. Напрыклад былі такія браты Халодныя, яны займаліся гукам. Цяпер яны спіліся, адной з прычынаў стала тое, што яны ўклалі шмат грошай, а потым улады вырашылі будынак “Клеткі” проста знесці. З таго часу ў Горадні так і не з’явілася рок-клуба.
***
Сутнасць праекта “Магічная Мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.
Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі razam@budzma.by (з пазнакай у тэме ліста “Магічная Мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!
Чытаць пра праект Магічная Мапа ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
“Твой стыль” з’яўляецца інфармацыйным партнёрам праекта ў Гродне.