Дзмітрый Краўчанка пераедзе ў Маладэчна?
Дзмітрый Краўчанка ўзначальваў гарадзенскі “Нёман” на працягу апошніх некалькіх сезонаў. Менавіта пры ім каманда пасля працяглага перапынку вярнулася ў лік мацнейшых клубаў краіны.
У мінулым годзе гарадзенцы выйгралі чэмпіянат Беларусі. Вялікую ролю ў гэтым дасягненні згуляла падтрымка з боку тагачаснага кіраўніка Гарадзеншчыны Сямёна Шапіры.
Аднак у Гродне Краўчанка запомніўся не толькі сваімі трэнерскімі дасягненнямі, але і перыядычнымі скандаламі. Са стану каманды раз-пораз даходзіла інфармацыя пра не самыя прыстойныя ўчынкі і канфлікты з удзелам трэнера.
Апагеям такога кшталту скандалаў стала п’яная бойка з кіроўцам клубнага аўтобусу, якая здарыўся перад самым Новым 2013-м годам па дарозе са Жлобіна.
Вось як пракаментаваў наступствы гэтай гісторыі для трэнера ў нядаўнім інтэрв’ю “Прессболу” хакеіст “Нёмана” Сяргей Багалейша:
“- Я працаваў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Аляксандравіча не адзін год. Гэта моцны спецыяліст…Але ў той сітуацыі трэнер сваю рэпутацыю сур’ёзна падпсаваў і аўтарытэт сярод гульцоў падарваў…”
Пасля гэтага ўчынку Дзмітрый Краўчанка вымушаны быў зыйсці ў адстаўку і пайсці працаваць дзіцячым трэнерам, дзе зарабляў мізэрныя грошы.
У Маладэчне ў Краўчанкі можа з’явіцца чарговы шанс вярнуцца на вялікую хакейную арбіту, як гэта здарылася пасля п’яной бойкі ў адным з гомельскіх бараў у 2007 г., калі малады і перспектыўны на той момант трэнер ледзь не апынуўся за кратамі.
Праз год пасля той гісторыі пачаўся паспяховы гарадзенскі перыяд кар’еры Краўчанкі.
Ці адбудзецца паўтор такой “рэанімацыі” у Маладэчне?