Earworm у тваёй галаве

|

Музыка з іншай планеты

 

Я чакаю ўдзельнікаў гурта Earworm у самым сэрцы субкультурнай сталіцы Беларусі – на Савецкай плошчы ў Гародні. На прыступках прыдатнага для мапінгу Палаца культуры мясцовыя ямакасі праз парэнчы практыкуюць свае волты і джампы. З мядовага кірмашу ў цэнтры плошчы даносіцца беларускі неа-поп, а ў марыўнай ранішняй перспектыве ззяе ўсімі адценнямі белага прыгожы Фарны касцёл. Першым рахмана падыходзіць гітарыст і завадатай гурта Андрэй. Потым – увесь у зялёным, быццам агент сакрэтнай службы, віяланчэліст Лёша, за ім падлятае барабаншчык Ігар, апошнім падцягваецца басіст Паша. Мы вырашаем зачапіць некалькі бутэлек безалкагольнай медавухі на кірмашы і рушым у бок ракі.

“Глядзі, якія я сабе акуляры прыдбаў на барахолцы. Вунь якое шкло, – красуецца перад сябрамі Лёша і пасля некалькіх рытуальных прымерак пытаецца ў мяне: – Не ведаеш, каго з эксперыментальшчыкаў можна запрасіць на «Рэха»?” Як высвятляецца, «Рэха» – гэта фестываль, які музыкі арганізавалі мінулым летам пад Гародняй у гонар свайго дзесяцігоддзя. Тады ўсіх так праперла, што традыцыю вырашылі працягнуць – і сёлета фэст пройдзе зноў.

 

За дзесяць гадоў існавання гурта ірвормы выпусцілі ў свет два міні-альбомы на нямецкім і расійскім нэт-лэйблах, сяміцалевы спліт у Мінеапалісе і кліп на адну кампазіцыю, але ў дзвюх версіях. Таксама музыкі з задавальненнем згаджаюцца на доўгатэрміновыя туры – на апошнім раўнд-трыпе іх закінула аж у Мурманск, куды хлопцы выправіліся ў тым ліку з мэтай дасягнуць краю зямлі ля Паўночнага акіяна. Карацей, гурт вядзе актыўнае творчае жыццё, але без назойлівага PR-у і шалёнай спешкі інтэрнэт-пакалення. Цяпер амаль усе хлопцы ўжо жанатыя і з дзецьмі, але гэта не замінае ім некалькі разоў на тыдзень збірацца на рэпетыцыйнай кропцы ў гаражы.

 

“Новы альбом, у адрозненне ад папярэдніх, мы хацелі пісаць “пачкай”, калі інструменты граюць у адным памяшканні адначасова, каб пазбегнуць “ідэальнага” гучання асобных дарожак і зрабіць гук больш натуральным, – распавядаюць хлопцы пра асаблівасці матэрыялу, пакуль міма нас павольна праплывае пажарная каланча ХІХ стагоддзя. – Мы ўжо былі гатовыя бамбіць на партатыўную стужкавую студыю ў сваім гаражы, але раптам ад расійскіх сяброў даведаліся пра цікавы,але трохі дзіўны варыянт запісу непадалёк ад Бранска – зацішнае лецішча са студыяй з дубу і з “каменным” пакоем для барабанаў, спраектаванае паводле рэкамендацый акустычнага гуру Філіпа Ньюэла. Там нам пашэнціла правесці неверагодны тыдзень, вынікам якога зрабілася такое незвычайнае live-гучанне альбома”.

 

Сапраўды, калі слухаеш музыку Earworm, цяжка зразумець, на якой планеце яе рабілі. Напружаныя цыклічныя гітарныя рыфы часцяком змяняюцца меланхалічнымі мелодыямі, якія тут жа агортваюцца ў рытмічны грукат гранжападобных барабанаў, каб потым заціхнуць у акадэмічнай псіхадэліі віяланчэльных пошукаў іншаземнага жыцця. Праз увесь гэты музычны лабірынт свядомасці чырвонай ніццю працятая структураўтваральная канва бас-гітары, якая раз-пораз ірвецца на рытмічныя выперадкі з ударнымі. І ты, быццам той вушны чарвяк, хвіліну за хвілінай вандруеш па калектыўным розуме гурта.

 

Гісторыі касетнай Гародні

 

Мы спускаемся да Нёмана. На іншым баку ракі відаць яшчэ нераспакаваную да лета кавярню “Галера”. Хлопцы кажуць, што там у 2004 годзе яны адыгралі свой першы канцэрт. Тады Андрэй, тагачасны ўдзельнік нойз-гурта The The!, вырашыў стварыць больш цяжкі ў гучанні бэнд і сабраў людзей, якія дагэтуль адзін аднаго не ведалі. Лёша ў той час спасцігаў ігру на віяланчэлі ў музычнай вучэльні і меў цягу да шызовых праяўленняў класічнай музыкі а-ля Шнітке. Якраз тое, што было трэба Андрэю. Ігар і Паша падцягнуліся пазней.

 

“Пасля выхаду папярэдняга альбома нас пакінуў спачатку барабаншчык, а потым і басіст, – успамінае Андрэй. – Трэба заўважыць, што гэта вельмі істотная страта, бо ў невялікім горадзе знайсці “свайго” чалавека і тым больш музыканта вельмі складана, напэўна, таму тут гурты вельмі жывучыя. Быў нават момант, калі мы спрабавалі кардынальна ўсё памяняць – цалкам адмовіцца ад ударных і граць у дзве гітаркі з віяланчэллю такі змрочны цягучы інструментал. Але паступова ўсё ўстала на свае месцы, знайшлі і басіста, і ўдарніка”.

 

Апошні апынуўся аж з Омска. “Я тады толькі пераехаў у Гародню і асабліва не меў сяброў, – скардзіцца драмер Ігар, пакуль мы падымаемся па крутой камяністай лесвіцы ля Каложы, па якой, напэўна, у даўніну хадзілі па ваду мясцовыя святары. – Памятаю, як граў тут на флейце ўначы, да мяне падышлі дзве фаершчыцы, пазнаёміліся, і з таго моманту закруцілася маё творчае жыццё ў Гародні”. А басіст Паша на той момант граў у вядомай гарадзенскай хардкор-камандзе Tłusta Łusta і адначасова быў фэнам Earworm, а пасля аднаго з канцэртаў таксама далучыўся да банды.

 

Увогуле, альтэрнатыўнае жыццё ў Гародні заўжды пульсавала нейкім іншым узроўнем яркасці. Яшчэ з пачатку 90-х моцная хваля касетнай культуры з Еўропы накрывала гарадзенцаў андэграўнднымі плынямі панку, хардкору і ска, а адсюль ужо дасягала астатніх гарадоў Беларусі. З развіццём інтэрнэту гэтая гароднецэнтрычнасць знікла, але культурны асяродак застаўся. Часцяком тут ладзяцца канцэрты ў школах-ліцэях, ангарах або наўпрост у гаражах, дзе рэпетуюць музыкі. Вядомымі контркультурнымі чэкпойнтамі былі легендарны клуб “Клетка”, Shit Sound Shock Club у звычайным гаражы гурта AntiGlobalizator, а таксама гараж братоў Масальскіх з neocrust-гурта Bagna і былой Contra la Contra. Цяпер эстафету гаражнай культуры перанялі музыкі з Earworm – раз-пораз іх творчае логава наведваюць праезджыя гурты кшталту Asian Women On The Telephone, а таксама мясцовая фрэнд-сцэна.

 

На парозе перад невядомым

 

Мы мінаем турыстычную артэрыю Гародні – пешую Савецкую – і дварамі ідзем праз увесь горад да прамысловай зоны на ўскраіне. Там сярод шматлікіх шэрагаў гаражных боксаў і самотных аўтамабільных заўзятараў і туліцца, як кажуць музыкі, іх “норка”. Невялічкае памяшканне гаража, па перыметры абстаўленае рознага часу гукаапаратурай і зручнымі тапчанчыкамі, абвешанае дыванамі і парусінавымі балдахінамі, адразу паглынае нас у свае абдымкі, а калі зачыняюцца дзверы, адбірае яшчэ і пачуццё часу.

“У перакладзе з англійскага “amber” значыць “бурштын”, – мы рассаджваемся па канапах і працягваем размову. – Нам падалася цікавай ідэя паглядзець на сябе быццам бы з будучыні, як мы выглядаем для нашчадкаў. Таму на вокладцы мы змясцілі аскепкі нашых інструментаў у бурштыне. Гэта, мабыць, адзінае, што данясе інфармацыю пра нас праз тысячагоддзі”.

Вочы прызвычайваюцца да паўцемры, і я заўважаю некалькі прытуленых да сцяны карцін на тэму старой Гародні, гадзіннік-плытку “ад сяброў з Менска” і каваную выяву дзяўчыны ў зарасніку. Высвятляецца, што кожны з музыкаў мае дзіўныя для творчасці прафесіі: Лёша трымае сваю кузню, Ігар ставіць зубныя пратэзы, Андрэй працуе сісадмінам, а Паша – машыністам помпавых установак. Наша размова плаўна вагаецца ад марак самага моцнага піва да олдскульных кампутарных гульняў, ад гісторый пра маракоў, якія палілі салому, калі канчаўся тытунь, да байдарачнага падарожжа Лёшы і Ігара па Іслачы з волакам у 600 метраў, але ўсё роўна вяртаецца да музыкі.

“Цяпер мы нячаста выступаем, – быццам маракі па моры сумуюць музыкі. – Прыйшоў ужо час зноў вяртацца да канцэртаў. Запіс жа – гэта казка, ідэальны мір, а канцэрты – рэальнасць. І яшчэ, шчыра кажучы, усе тыя ідэі, якія мы гадавалі на працягу ўсёй нашай творчасці, на поўную моц удалося выказаць толькі ў гэтым альбоме, ён наша квінтэсэнцыя. Таму мы фактычна стаім на парозе перад невядомым. Што будзе далей – не зразумела”.

 

Пад канец нашага працяглай сустрэчы мы па-сяброўскі доўга развітваемся, але раптоўна пад’язджае патрэбны мне транспарт, і я адпраўляюся ў бок вакзала. На працягу ўсяго падарожжа дадому ў маёй галаве гучыць мелодыя нейкай невядомай песні, якую я, відаць, пачуў раніцай на мядовым кірмашы, і раптоўна я лаўлю сябе на думцы, што тэрмін earworm якраз дакладна апісвае гэты феномен.

 

Здымкі Андрэя Нямірава