У Пагоню на Грунвальд – разам!

Старшыня гарадзенскага аб’яднання літоўцаў “Tevine” (“Бацькаўшчына”) Альгіс Дзяргінчус перакананы, што святкаванне перамогі над крыжакамі павінна быць менавіта супольным:

– Мы ўжо шмат гадоў адзначаем гэтае і іншыя святы сумесна з беларусамі, часцяком да нас далучаюцца і палякі. Спадзяюся, што адзначэнне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы адбудзецца ў Гародні. Менавіта тут знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік князю Вітаўту. А каля Каложы ёсць і памятны знак “Пагоня на Грунвальд”. Таму яшчэ сёлета будзем рыхтаваць адмысловы зварот у Гарадзенскі гарвыканкам.

Зрэшты, зусім не абавязкова наступнага году. Сёлета 11 ліпеня ў Крэве сумесна са Смаргонскім райвыканкамам і Крэўскім сельсаветам мы адзначаем адразу тры святы: Сусветны дзень літоўца, Каранацыю Міндаўга і Перамогу пад Грундвальдам. У праграме апроч урачыстасцяў прапануем і спаборніцтва ў стральбе з лука для ўсіх ахвотнікаў. Ад усяго сэрца запрашаю чытачоў “ТС” далучацца да свята!

 

/Фота К. Шастоўскага/