Гастранамічная мапа Гродна: бар “Куба”

|

Яшчэ год дзесяць таму хіба што толькі закрыты ўжо бар “Віленскі” мог чымсьці нагадваць паб у еўрапейскім разуменні. Сёння выбар большы і лепшы, але “Куба” заслугоўвае, каб яе абавязкова наведаў не толькі кожны гарадзенец, але і кожны госць горада: турыст, камандзіровачны ці яшчэ нейкі там каўчсёрфер.

 

Бар выдатна размешчаны ў самым сэрцы старога Гродна, да таго ж у сутарэнні, таму там увесь час пануе паўзмрок. Лепшага месца для таго, каб выпіць амерыкана ў абедзены час вы не знойдзеце. “Куба” адкрываецца ў 12.00 і доўгі час там або нікога, або “ўсе свае”. Працуе wi-fi, таму гэта добрае месца, каб трошку папрацаваць або сустрэцца па справах.

Гэтаксама “Куба” адрозніваецца тым, што мае дастаткова ясную музычную палітыку. Там не грае выпадковая музыка “абы не было ціха”, тым больш не грае музыка “няправільная” – папсня ці які-небудзь шансон. Часцей за ўсё можна пачуць фанк, рок-н-рол, рэгі, блюз, нейкі алдскульны панк, добрую электроніку з ваколіц трып-хопу.

 

Да музыкі вельмі добра дапасаваны стракаты інтэр’ер без папулярных у Беларусі калгасных пантоў – усё насамрэч дэмакратычна і вы нават можаце свабодна зайграць што-небудзь на піяніна, што стаіць у куце.

Адзіны мінус, які для многіх можа быць актуальным, гэта адсутнасць паўнавартаснай кухні. Пад’есці прапануецца бургерам ці сэндвічам, які аказваецца не толькі смачным і сытным, але і дастаткова эстэтычным з віду. А калі з сябрам купіць два, то можна трошку зэканоміць.

Акрамя выдатнай і недарагой кавы (па суадносінах якасці і цаны амерыкана ў “Кубе” – самы выйгрышны варыянт у цэнтры Гродна), бар прапануе Guinness (тут нават дзень святога Патрыка адзначаюць) і разліўны гонар лідскага піўзавода – класічны нямецкі лагер Warsteiner. У “Кубе” яго, дарэчы, разлівалі яшчэ да афіцыйнай прэзентацыі. Сталыя наведнікі хваляць таксама кактэйлі, але “Твой стыль” пакуль што яшчэ не паспрабаваў. Выбар “таго што мацней” тыповы для бараў – ёсць хіба ўсё, што звычайны наведнік можа захацець выпіць.

“Куба” таксама з’яўляецца адным з нешматлікіх месцаў, дзе дастаткова рэгулярна праходзяць тэматычныя вечарыны і дзе да пануючай атмасферы ставяцца вельмі адказна. Паглядзіце хаця б на стыль, у якім выканана меню, на тое, што яно сезонна змяняецца, на фоткі з вечарын у VK і зразумееце, што формула кубінскага бізнесу гэта не банальнае “зарабіць як мага больш грошай”. “Куба” гэта праект з ідэяй, якіх зараз у Гродне няшмат.

 

“Твой стыль” рэкамендуе “Кубу” ўсім і для ўсіх мэтаў, бо кожны знойдзе для сябе час і справу, якую вырашыць на “Востраве свабоды”.


Здымкі ўзятыя з vk.com/cubagrodno


Глядзі мапу кавярняў, бараў і рэстаранаў. Калі пабачыш недакладнасць – каментуй і мы выправім!


View Мапа гарадзенскіх кавярняў, бараў і рэстаранаў in a larger map